Улады Літвы папярэдзілі сваіх грамадзян пра актывізацыю на мяжы лукашэнкаўскіх спецслужбаў

Беларускія спецслужбы актыўна дапытваюць грамадзян Літвы, якія едуць у Беларусь, на памежных пераходах, правяраючы іх камп'ютары і мабільныя тэлефоны, а таксама кантакты, акаўнты ў сацыяльных сетках, фатаграфіі і картаграфічныя маршруты, як папярэдзіў Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы. 

27.06.2023 / 17:14

Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацыяльных сетак

Як адзначылі ў ведамстве, спецслужбы Лукашэнкі збіраюць інфармацыю пра палітычную прыналежнасць і месца працы літоўскіх грамадзян, а таксама спрабуюць знайсці сувязі з памежнікамі, праваахоўнікамі і выведнікамі, як паведамляе LRT.

Дэпартаменту вядома пра выпадкі, калі грамадзянам Літвы забаранялі ўезд у Беларусь пасля таго, як выяўлялася, што яны падтрымліваюць Украіну і асуджаюць расійскую агрэсію. Адзначаецца, што грамадзян Літвы падчас допытаў падвяргалі шантажу і псіхалагічнаму ціску, сцвярджаючы, што забарона на ўезд у Беларусь будзе знятая, калі яны пагодзяцца супрацоўнічаць з лукашэнкаўскімі спецслужбамі.

У Дэпартаменце папярэджваюць, што спецслужбы могуць выкарыстоўваць інфармацыю з асабістых камп'ютараў і мабільных прылад не толькі супраць уладальніка, але і супраць яго сямейнікаў, сваякоў або калег з мэтай іх кампраметацыі і вярбоўкі, асабліва калі яны наведваюць Беларусь ці Расію.

Усіх грамадзян, якіх дапытвалі на літоўска-беларускай мяжы або правяралі іх мабільныя тэлефоны/камп'ютары спецслужбы рэжыму Лукашэнкі, заклікалі паведаміць пра гэта МЗС Літвы. Дэпартамент таксама заклікае не наведваць Расію і Беларусь.

Чытайце таксама:

Працягваюцца затрыманні на межах пры ўездзе ў Беларусь

У КДБ расказалі, дзе рыхтуюць добраахвотнікаў для вызвалення Беларусі

NATO давядзецца ўмацаваць усходнюю мяжу, калі Прыгожын апынецца ў Беларусі — прэзідэнт Літвы

Nashaniva.com