Штурхальніца ядра з Бельгіі ўзяла ўдзел у бегу з бар'ерамі, каб замяніць траўмаваных спартсменак. Відэа з ёю стала вірусным
Бельгійская спартсменка, якая займаецца штурханнем ядра і кіданнем дыска і молата, Жаліэн Бумкво была вымушаная замяніць бар'ерыстку на камандным чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў Польшчы.
27.06.2023 / 12:09
Дзве спартсменкі з Бельгіі атрымалі траўмы, і каманда рызыкавала не выйсці на старт, а ў такім выпадку і застацца без важных ачкоў у камандным заліку. Бельгія не магла дазволіць сабе страціць ачкі, бо інакш каманда вылецела б у ніжэйшы дывізіён.
Жаліэн Бумкво пагадзілася «замяніць» бар'ерыстак, калі зразумела, што іншых варыянтаў няма.
«Я думала, што імавернасць таго, што мне давядзецца гэта зрабіць, была вельмі малая», — сказала Бумкво, якая даведалася, што будзе бегаць з бар'ерамі за дзень да спаборніцтваў.
Жаліэн кажа, што калі выйшла на стартавую лінію, то старалася не думаць пра тое, што адбываецца. Яна фінішавала з часам 32,81 секунды — на 19 секунд пазней за спартсменку, якая заняла сёмае месца.
Кадры, на якіх Бумкво асцярожна пераадольвае кожную перашкоду, а іншыя спартсмены бягуць наперадзе, сталі віруснымі ў сацыяльных сетках.
Бумкво сказала, што не нервавалася з нагоды ўдзелу ў спаборніцтвах.
Яе мэтай было фінішаваць і не дапусціць падзення або траўмы, колькі б часу гэта ні заняло.
«Гэта была выдатная атмасфера. Я пераадольвала перашкоду за перашкодай», — падзялілася ўражаннямі спартсменка.
Калі Жаліэн перасекла фінішную рысу, натоўп крычаў у знак удзячнасці, яе таксама віталі іншыя спартсменкі.
«Гэта быў, бадай, найлепшы мой чэмпіянат Еўропы за ўсю гісторыю», — сказала спартсменка.