Былы палітвязень: За кантакт з Фядутам каралі карцарам
Былы вязень калоніі, дзе ўтрымліваюць Аляксандра Фядуту, расказаў пра захады, скіраваныя на ізаляцыю вядомага палітвязня, як піша «Радыё Свабода».
26.06.2023 / 17:20
Аляксандр Фядута
«Хлопец, які сядзеў з Фядутам у каранціне, адправіўся на 10 сутак у ШІЗА толькі за тое, што з ім пагаварыў», — расказаў Сяргей (сапраўднае імя змененае дзеля бяспекі), які ўжо вызваліўся з папраўчай калоніі №15 пад Магілёвам. Паводле Сяргея, дадатковы ціск зазналі і іншыя палітвязні, якія былі з ім у адным атрадзе. Гэта Сяргею засведчыў асуджаны паводле палітычнага артыкула, з якім давялося правесці час у адной камеры штрафнога ізалятара.
«Палову тэрміну ШІЗА сядзеў з палітычным. Яго пакаралі ў дзень народзінаў. Нічога не парушаў, выконваў парадак ад пачатку да канца, але наўмысна ў такі дзень прычапіліся і далі 10 сутак. Вось так павіншавалі», — расказаў Сяргей.
Паводле палітвязня, з якім Сяргей быў у ШІЗА, палітычныя часцей за іншых асуджаных атрымліваюць вымовы, пазбаўленні ад спатканняў ці перадач і пакаранне штрафным ізалятарам.
«Палітычных ломяць псіхалагічна: пакараннямі, ізаляцыяй. Гэта ў нас было і ёсць», — кажа Сяргей.
***
Аляксандра Фядуту затрымалі ў Маскве 11 красавіка 2021 года ў выніку сумеснай «спецаперацыі» ФСБ Расіі і КДБ Беларусі ў межах справы аб спробе дзяржаўнага перавароту. Паралельна схапілі палітыка Рыгора Кастусёва і юрыста Юрася Зянковіча. Усім выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса — «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».
Разгляд аб’яднанай справы пачаўся 29 ліпеня 2022 года ў Мінскім раённым судзе. Аляксандр Фядута прызнаў віну часткова і не пагадзіўся з агучанымі бокам абвінавачання матывамі. Праз месяц пасяджэнняў пракурор Міхаіл Кавалёў запатрабаваў для палітвязня 12 гадоў зняволення.
5 верасня 2022 года суддзя Уладзімір Арэшка крыху «змякчыў» запытаны тэрмін і пакараў журналіста 10 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
29 лістапада Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле.
Чытайце таксама:
Фядуту пазбавілі перадач да кастрычніка. Перадаюць толькі лекі
Гісторык Пашкевіч: Фядута ведае, што такое месца ў гісторыі, і думае пра яго нават за кратамі
«Злуюся на гэтага «змоўшчыка», але люблю гэтага хлопца». Жонка Фядуты атрымала спатканне з мужам