BYPOL запрасіў прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады ўвайсці ў камісію для фінансавага аўдыту арганізацыі
BYPOL распачынае захады для незалежнага фінансавага аўдыту фундацыі BYPOL — стварае Наглядальную Раду.
26.06.2023 / 15:31
«Дзеля выканання аднаго з рашэнняў, што было прынятае кіраўніцай Аб'яднанага Пераходнага Кабінету Беларусі Святланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі калектыву BYPOL, мы распачынаем працэс стварэння Наглядальнай Рады фундацыі BYPOL, якая — паводле дзейнага заканадаўства — адзіная, хто можа ініцыяваць працэс незалежнага аўдыту», — гаворыцца ў заяве BYPOL, апублікаванай ў тэлеграм-канале.
Там жа размешчаны ліст за подпісам Аляксандра Азарава з прапановай да Каардынацыйнай Рады вылучыць трох прадстаўнікоў у Наглядальную Раду.
«Аб усіх выніках мы абавязкова паведамім, нам няма чаго хаваць ад беларускага народа», — гаворыцца ў пасце.
Нагадаем, на пачатку чэрвеня ў BYPOL адбыўся скандал. Аляксандр Азараў апублікаваў відэа, у якім заявіў, што BYPOL страціў доступ да сваіх медыярэсурсаў, усе паролі засталіся ў распараджэнні былога супрацоўніка арганізацыі Мацвея Купрэйчыка, які адмовіўся прайсці паліграф, за што і быў звольнены з арганізацыі.
Пазней у тэлеграм-канале BYPOL з'явіўся запіс, у якім абвінавачанні прагучалі ў адрас самога Аляксандра Азарава.
13 чэрвеня АПК абвясціў вынікі сустрэчы BYPOL з лідаркай дэмакратычнай Беларусі Святланай Ціханоўскай.
Храналогію канфлікту ў «Байполе» вы можаце прачытаць тут.