Украінцы за выходныя прасунуліся на 1-2 кіламетры — Мінабароны

Цяпер УСУ замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.

26.06.2023 / 10:21

Украінскія воіны. Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Сілы абароны Украіны ў канцы мінулага тыдня пачалі наступ на некалькіх кірунках на ўсходзе краіны і па стане на раніцу панядзелка прасунуліся наперад на 1-2 км, як паведаміла ў сваім тэлеграм-канале намесніца міністра абароны Ганна Маляр.

«Нашы войскі на ўсходзе ў канцы мінулага тыдня пачалі контрнаступальныя дзеянні ў раёнах Арэхава-Васільеўкі, Бахмута, Багданаўкі, Ягаднага, Кляшчыеўкі і Курдзюмаўкі. На кожным з кірункаў прасоўвання ад 1 да 2 км. Цяпер войскі замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах і працягваюць знішчаць ворага», — напісала яна.

У той жа час акупанты, па яе словах, спрабавалі наступаць на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. На працягу мінулага тыдня на гэтых напрамках адбылося каля 250 баявых сутыкненняў. Але выцесніць украінскія войскі з займаных пазіцый вораг не змог. Цяжкія баі працягваюцца.

Па словах Маляр, за мінулы тыдзень на ўсходзе расейцы здзейснілі 6457 абстрэлаў, выпусціўшы 315 006 боепрыпасаў. Намесніца міністра падкрэсліла, што ў параўнанні з мінулым тыднем колькасць абстрэлаў павялічылася.

Яна таксама дадала, што становішча на поўдні за мінулы тыдзень істотных змен не зведала.

«Сілы абароны Украіны працягвалі вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках. За тыдзень у выніку паляпшэння аператыўнага (тактычнага) становішча і выраўноўвання лініі фронту павялічылася плошча вызваленых тэрыторый на 17 км²».

Намесніца міністра падкрэсліла, што ўсяго з моманту пачатку наступлення вызваленая плошча на поўдні складае 130 квадратных кіламетраў.

Nashaniva.com