Карпянкоў заявіў, што гатовы пачаць паляванне на полк Каліноўскага
На тэлеканале АНТ расказалі, што ў Беларусі стартаваў навучальны збор для дасведчаных байцоў, якія раней служылі ў спецыяльных падраздзяленнях.
26.06.2023 / 07:23
Мікалай Карпянкоў
«У нас вельмі шмат патрыятычна настроеных баявых легендарных ветэранаў. У кагосьці дзеці, у кагосьці ўнукі, тут байцы, якім па 45 гадоў — гэта, відаць, самыя маладыя, па 50-55 гадоў. У кожнага за спінай па 30 гадоў службы і тысячы выкананых заданняў», — адзначыў камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Мікалай Карпянкоў.
Курс падрыхтоўкі на зборах укладваецца ў 10 дзён, што дастаткова для байцоў, якія ў свой час служылі ў падраздзяленнях спецыяльнага прызначэння. Яны атрымаюць новыя веды ў тактычнай, агнявой і медыцынскай падрыхтоўцы.
Са слоў Карпянкова, полк Каліноўскага і рознага кшталту харугвы — гэта проста дзеці ў параўнанні з байцамі, якія знаходзяцца на зборах.
«Калі толькі нам Радзіма паставіць задачу, мы аб'явім паляванне на іх у нашым памежжы», — падкрэсліў Карпянкоў.