Зяленскі размаўляў з Байдэнам
Тэмаю размовы называюць апошнія павароты падзей у Расіі.
25.06.2023 / 22:59
У тэлеграм-канале Уладзіміра Зяленскага паведамляецца, што бакі «абмеркавалі ход баявых дзеянняў і працэсы, якія адбываюцца ў Расіі».
Зяленскі адзначае, што ён «падзякаваў прэзідэнту ЗША за неаслабную падтрымку Украіны, асабліва за [сістэмы супрацьпаветранай абароны] «Пэтрыёт». Важна надалей павялічваць здольнасці Украіны па абароне нашага неба. У гэтым кантэксце падзякаваў і за падтрымку кааліцыі знішчальнікаў».
Зяленскі адзначыў таксама, што яны «абмеркавалі далейшае пашырэнне абароннага супрацоўніцтва з акцэнтам на дальнабойных сродках паражэння».
Украіна даўно — і пакуль беспаспяхова — дабівалася ад ЗША паставак дальнабойных ракет да пускавых установак «Хаймарс». Многія эксперты лічаць, што пасля мяцяжу вагнераўцаў шанцы ўкраінцаў на паспяховы контрнаступ выраслі.
Сёння ж Зяленскі меў размовы з прэм'ерам Канады Джасцінам Трудо і прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам.