Стала вядома, колькі вагнераўскай тэхнікі рухалася на Маскву
Да Масквы праз Варонежскую вобласць рухалася больш за тысячу адзінак тэхнікі ПВК «Вагнер». Сярод іх танкі, ракетныя ўстаноўкі, грузавікі і легкавыя аўтамабілі, піша «База».
25.06.2023 / 12:06
Па даных «Базы», першая калона, якая налічвала каля 350 адзінак тэхнікі, перасекла мяжу Варонежскай вобласці адразу пасля поўначы 24 чэрвеня.
У калоне было дзевяць танкаў, чатыры «Тыгры», устаноўка «Град», гармата, дзясяткі грузавікоў і сотні легкавых аўтамабіляў. Менавіта гэтая калона пазней знесла заслон з грузавой і будаўнічай тэхнікі на 590-м кіламетры трасы М-4 «Дон».
Каля 5 гадзін раніцы ў вобласць заехала другая калона. Яна была яшчэ большая — папярэдне, налічвала 375 адзінак тэхнікі. Калона рушыла ў бок горада Бутурлінаўка — там знаходзіцца вайсковы аэрадром Міністэрства абароны.
У 7 гадзін раніцы на тэрыторыю Варонежскай вобласці заехала трэцяя калона тэхнікі, якая налічвала каля 100 адзінак, сярод іх — тры танкі, дзве зенітныя гарматы, аўтобусы, грузавікі і легкавікі. Калона рухалася па трасе М-4 «Дон».
У 9 гадзін раніцы мяжу вобласці перасекла чацвёртая калона вайсковай тэхнікі агульнай колькасцю 212 адзінак.
Чытайце таксама:
«Фенаменальны выбар Прыгожына…» Падаляк — пра мяцеж кіраўніка ПВК «Вагнер» і карысць ад яго
Крымінальная справа ў дачыненні да Прыгожына будзе спыненая, ён «выедзе ў Беларусь» — Пяскоў