Камандзір палка Каліноўскага назваў падзеі, што адбываюцца, «пачаткам канца вялікай тыраніі»

Дзяніс «Кіт» Прохараў заклікаў беларусаў быць гатовымі да ўступлення ў атрады самаабароны і папярэдзіў «вайскоўцаў і рэзервістаў»: «чакайце нашага сігналу».

24.06.2023 / 17:18

«Спрыяльныя ўмовы для знішчэння дыктатуры імкліва набліжаюцца. Гэта пачатак канца вялікай тыраніі. Я звяртаюся да ўсіх беларускіх вайскоўцаў: не ўдзельнічайце ва ўнутраным канфлікце Расіі! Гэта грамадзянская вайна нас не тычыцца. 

Для беларусаў важна іншае. Набліжаецца час, калі перад вамі паўстане выбар: выканаць злачынны загад ці прысягу, якую вы далі беларускаму народу.

Мы маем у Беларусі вялікі рэзерв, які ўключае дзейных вайскоўцаў, вайскоўцаў запасу і проста грамадзян, якія гатовыя дзейнічаць і вызваляць Беларусь ад дыктатуры і акупацыі.

Нам будуць патрэбныя людзі. Рыхтуйцеся да ўступу ў атрады самаабароны. Кожны горад, кожны квартал, кожная вуліца, будзьце гатовыя для кантролю за сваёй тэрыторыяй і для падтрымкі парадку.

Вайскоўцы, рэзервісты, беларусы, чакайце нашага сігналу. Час свабоды набліжаецца!» — сказаў Дзяніс «Кіт» Прохараў.

Nashaniva.com