Губернатар заклікаў адмовіцца ад паездак у цэнтр Растова-на-Доне

Васіль Голубеў таксама папрасіў грамадзян па магчымасці не пакідаць свае дамы.

24.06.2023 / 07:11

Від на Будзёнаўскі праспект у Растове, дзе размешчаны штаб Паўднёвай вайсковай акругі. Уся вуліца занятая вайсковай тэхнікай

Губернатар Растоўскай вобласці Васіль Голубеў заклікаў жыхароў адмовіцца ад паездак у цэнтр Растова-на-Доне, піша РБК.

«Паважаныя землякі! У сувязі з сітуацыяй, якая склалася, прашу ўстрымацца ад паездак у цэнтр горада і па магчымасці не пакідаць свае дамы», — напісаў ён у тэлеграм-канале.

Раней кіраўнік рэгіёна заклікаў усіх грамадзян захоўваць спакой і не выходзіць з дому без неабходнасці. Ён запэўніў, што праваахоўныя органы «робяць усё неабходнае, каб гарантаваць бяспеку» ў рэгіёне.

У рэгіянальным МНС папярэдзілі аб распаўсюдзе ў тэлеграм-каналах інфармацыі аб увядзенні каменданцкай гадзіны. Гэтыя паведамленні — фэйк, як заявілі ў ведамстве.

У Растове-на-Доне, дзе знаходзіцца штаб Паўднёвай вайсковай акругі, пасля заяў заснавальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына былі ўзмоцненыя захады бяспекі. Выданне «161.ru» апублікавала здымкі з вайсковай тэхнікай і тэхнікай Расгвардыі. ТАСС і «161.ru» пісалі аб перакрыцці выезду з горада на трасе «Дон».

Улады Варонежскай вобласці заявілі аб перамяшчэнні калоны вайсковай тэхнікі па трасе М-4 і папрасілі грамадзян не карыстацца гэтай дарогай.

Увечары 23 чэрвеня Прыгожын абвінаваціў расійскіх вайскоўцаў у абстрэле лагера ПВК, у выніку якога «загінула велізарная колькасць байцоў», і паабяцаў адказ.

У Мінабароны словы заснавальніка прыватнай ваеннай кампаніі абверглі, назваўшы іх правакацыяй. «Расійскія вайскоўцы працягваюць выкананне задач на лініі судакранання з УСУ ў зоне правядзення «спецыяльнай ваеннай аперацыі», — заявілі ва ўстанове. Пазней там паведамілі, што Кіеў засяродзіў сілы на Бахмуцкім тактычным кірунку, «скарыстаўшыся правакацыяй Прыгожына па дэзарганізацыі абстаноўкі».

ФСБ распачала супраць Прыгожына крымінальную справу паводле арт. 279 КК «у сувязі з фактам арганізацыі ўзброенага бунту».

У распаўсюджанай прэс-службай заяве бізнэсоўца паведамлялася, што гэта «не вайсковы пераварот, а марш справядлівасці».

Спецслужба палічыла гэта «ўдарам у спіну вайскоўцам» і «заклікала байцоў ПВК» не дапускаць непапраўнай памылкі, спыніць любыя сілавыя дзеянні супраць расійскага народа, не выконваць злачынных і здрадлівых загадаў»,

а таксама затрымаць Прыгожына.

Звярнуўся да вагнераўцаў і намеснік камандуючага Аб'яднанай групоўкай войскаў ва Украіне генерал арміі Сяргей Суравікін.

«Мы разам з вамі ваявалі, ішлі на рызыку, неслі страты, разам перамагалі. Мы адной крыві. Мы ваяры. Я заклікаю спыніцца. Праціўнік толькі і чакае, калі ў нас абвострыцца ўнутрыпалітычная абстаноўка. Нельга гуляць на руку праціўніку ў гэты цяжкі для краіны час», — адзначыў генерал.

У Крамлі заявілі, што прэзідэнту Уладзіміру Пуціну далажылі аб сітуацыі.

Чытайце таксама:

«Мы ўваходзім у Растоў» — Прыгожын у новым аўдыязвароце

Мяцеж Прыгожына выбівае вялікую частку баяздольных часцей і дэмаралізуе расійскіх вайскоўцаў

«Тое, што адбываецца зараз у Расіі — гэта рэальна». У ЗША адгукнуліся на вайсковы мяцеж Прыгожына 

«Мяцеж Прыгожына»: што вядома на гэты момант

Пачаліся баявыя сутыкненні паміж ПВК «Вагнер» і сіламі Мінабароны Расіі — Прыгожын

Лукашэнкаўскія прапагандысты таксама не спяць і з хваляваннем сочаць за сітуацыяй у Расіі. Зрабілі для вас падборку іх выказванняў

Nashaniva.com