Навукоўцы адкрылі нечаканы эфект звычайнага слабіцельнага
Нядаўняе даследаванне паказала, што прукалапрыд, які ў многіх краінах свету выкарыстоўваўся як звычайнае слабіцельнае, паляпшае кагнітыўныя функцыі і памяць. Вучоныя спадзяюцца, што гэтыя лекі змогуць дапамагчы пры лячэнні кагнітыўных парушэнняў і сімптомаў дэпрэсіі.
29.06.2023 / 17:11
Прукалапрыд нават у невялікіх клінічных дозах можа палепшыць кагнітыўныя функцыі і памяць. Фота: vecteezy.com
Кагнітыўныя парушэнні часта суіснуюць з расстройствам настрою і іншымі псіхічнымі станамі, але сёння існуе толькі абмежаваная колькасць даступных метадаў лячэння такіх праблем.
Новае даследаванне паказала, што такі прэпарат, як прукалапрыд, які звычайна прымаюць пры запорах, актывуе сератанінавыя рэцэптары і можа мець патэнцыйную тэрапеўтычную карысць пры сімптомах парушэння псіхікі.
Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Biological Psychiatry: Cognitive Neuroscience and Neuroimaging.
Навукоўцы адзначаюць, што рэцэптары сератаніну, асабліва рэцэптар 5-НТ4, шырока распаўсюджаныя ў розных абласцях галаўнога мозга, у тым ліку ў тых, што адыгрываюць вырашальную ролю ў кагнітыўных функцыях і рэгуляцыі настрою (лобная частка, базальныя ядры і гіпакамп).
Гэтыя рэцэптары — асноўныя мішэні антыдэпрэсантаў, але лячэнне расстройстваў настрою не абавязкова палягчае кагнітыўныя сімптомы.
Для свайго даследавання вучоныя запрасілі 50 здаровых добраахвотнікаў. Палова з іх цягам шасці дзён прымала прукалапрыд, які пры ўзаемадзеянні з сератанінавым рэцэптарам 5-HT4 змяняе яго стан, прыводзячы да біялагічнага водгуку.
Іншая палова ўдзельнікаў атрымала плацэба. Удзельнікі, даследчыкі і эксперты не ведалі аб размеркаванні па групах, а капсулы прукалапрыду і плацэба былі ідэнтычнымі.
Праз шэсць дзён удзельнікі даследавання прайшлі сканаванне з дапамогай функцыянальнай магнітна-рэзананснай тамаграфіі ў стане спакою мозгу. Збор даных у стане спакою праводзіўся, калі ўдзельнікаў прасілі расслабіцца, але трымаць вочы расплюшчанымі.
Навукоўцы адзначаюць, што іх папярэднія даследаванні прукалапрыду паказалі, што нават у невялікіх клінічных дозах ён можа палепшыць кагнітыўныя функцыі і памяць у здаровых людзей.
Цяпер яны вывучылі неўралагічны механізм, з дапамогай якога гэта адбываецца.
Для мыслення мозг выкарыстоўвае розныя вобласці (кагнітыўныя сеткі), злучаныя паміж сабою адмысловымі нервовымі валокнамі, што перадаюць сігналы. Каб мысленне было правільным, трэба, каб гэтыя сігналы добра даходзілі да патрэбных абласцей мозга і не перашкаджалі адзін аднаму. Гэта называецца функцыянальнай сувяззю (rsFC) паміж сеткамі мозга і ўнутры іх.
Як адзначаецца ў артыкуле, ва ўдзельнікаў, якія атрымалі прукалапрыд, у параўнанні з тымі, хто прымаў плацэба, у стане спакою назіралася большая функцыянальная сувязь паміж цэнтральнай выканаўчай сеткай (CEN — сеткай мозга, у якой адбываецца апрацоўка думак і рашэнне задач) і кластарам, які складаецца з задняй (РСС) і пярэдняй (АСС) паясной кары (абласцямі мозга, якія рэгулююць апрацоўку інфармацыі і ўвагу ў мозгу).
Таксама больш функцыянальных сувязяў назіралася паміж кластарам задняй (РСС) і пярэдняй (АСС) паясной кары і левай латэральнай патылічнай карой (вобласцю, якая адказвае за апрацоўку візуальнай інфармацыі і дапамагае звяртаць увагу на важныя абʼекты).
Акрамя таго, як адзначаецца ў артыкуле, ва ўдзельнікаў, якія атрымлівалі прукалапрыд, было выяўлена зніжэнне функцыянальных сувязей у сетцы пасіўнага рэжыму работы мозгу (DNM) у параўнанні з тымі, хто прымаў плацэба.
А дакладней, была зніжана сувязь паміж левым і правым гіпакампам (вобласць мозга, якая сярод іншых функцый адказвае за захоўванне памяці), ніжняй цемянной доляй (адказнай за арыентацыю ў прасторы і ўспрыманне навакольных прадметаў) і ніжняй лобнай (адказнай за мысленне і маўленне) звілінай.
Гэты факт, на думку навукоўцаў, — яшчэ адзін доказ таго, што прукалапрыд аказвае ўплыў на вобласці мозга, якія паляпшаюць кагнітыўныя функцыі як за кошт павелічэння, так і за кошт памяншэння сувязі паміж пэўнымі абласцямі мозга па меры неабходнасці.
Навукоўцы ўпэўненыя, што вынікі даследавання дазволяць папоўніць пералік сродкаў, якія лечаць дэпрэсію і кагнітыўныя парушэнні.
Чытайце яшчэ:
Чаму 3000 гадоў таму чалавечы мозг быў большы
Тры простыя парады ад нейрабіёлага, якія дапамогуць захаваць здаровы розум у старасці