У Лондане прэзентавалі кнігу пра беларускія пратэсты 2020 года

Кнігу «Беларусь у XXI стагоддзі: паміж дыктатурай і дэмакратыяй» пісала група беларускіх і замежных аўтараў. Прадмову да яе склала Святлана Ціханоўская.

23.06.2023 / 09:12

У кнізе выкладзеныя погляды на розныя аспекты і прычыны пратэснай актыўнасці, а таксама паказана, як працуе рэпрэсіўная машына.

«Гэта кніга пра абуджэнне Беларусі і аб’яднанне беларусаў», — гаварылася на яе прэзентацыі.

Кніга «Беларусь у XXI стагоддзі: паміж дыктатурай і дэмакратыяй». Фота: routledge.com

Прадмову да кнігі напісала кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская.

«У дэмакратычнай Беларусі, калі акадэмікі будуць спрабаваць высветліць, хто мы, беларусы, і адкуль мы прыйшлі, няхай гэтая кніга будзе іх правадніком», — адзначала яна.

У кнізе тры часткі: гістарычная, сацыяльна-эканамічная і частка, прысвечаная феномену грамадскай самаарганізацыі.

«Пётр Машэраў заклаў асновы трываласці беларускага грамадства»

Выкладчыца з Універсітэта каралевы Марыі Наталля Чарнышова лічыць, што пратэсты 2020 года былі б малаімавернымі без беларускага грамадзянскага нацыяналізму, які паўстаў у працэсах 1970 гадоў.

1970-я Чарнышова на прэзентацыі назвала выбітным дзесяцігоддзем. Тады кіраваў савецкай Беларуссю Пётр Машэраў.

Яна пагаджаецца, што тады праводзілася жорсткая русіфікацыя, прыгняталася самасвядомасць. Але пры Машэраве былі закладзеныя эканамічныя, культурныя ўмовы для выгадоўвання сярэдняга гарадскога класа.

Паводле яе, Лукашэнка глядзеў на сацыялістычнае мінулае і марыў стварыць бяспечную будучыню для Беларусі, як у часы Машэрава, але ў 2020 годзе беларусы не захацелі жыць, як хоча ён.

«І гэта паўплывала на мабілізацыю беларускага грамадства», — адзначыла Наталля Чарнышова.

«Няспраўджаныя чаканні беларускага эканамічнага цуду»

Прафесарка Юлія Карасцялёва з Універсітэцкага каледжа ў Лондане ў суаўтарстве з эканамістам Алесем Аляхновічам пісала артыкул пра «няспраўджаныя чаканні беларускага эканамічнага цуду».

Паводле яе, праблемы нягнуткай беларускай эканамічнай мадэлі ад крызісу да крызісу нарасталі і чакалі свайго выбуху.

Былі спробы мадэрнізаваць беларускую гаспадарку, і нават меліся дасягненні ў прыватным сектары ды развіцці найноўшых тэхналогіяй.

Ілюстрацыйнае фота: vitvesti.by

Але ў апошняе дзесяцігоддзе развіццё эканомікі ўсё больш замаруджвалася.

Палітычны крызіс 2020 года і вайна ва Украіне стварылі дадатковыя цяжкасці для яе.

Іх наступствы прывялі да «эрозіі чалавечага капіталу», фундаментальнага складніка эканамічнага развіцця сучаснай краіны. Рэлакацыя бізнэсаў знішчыла патэнцыял для інвестыцыяў.

На эканоміку ўсё больш уплываюць санкцыі, а Пуцін усё больш кантралюе яе.

«Эканамісты па натуры песімістычныя, але ў кнізе мы сцвярджаем і аптымістычнае, што змены непазбежныя, — падсумавала Юлія Карасцялёва. — Спатрэбяцца рэформы для аднаўлення Беларусі ў новым эканамічным рэжыме».

Феномен лукашызму: можаш быць актыўным, але па-за палітыкай

Навуковая супрацоўніца Віленскага ўніверсітэта Таццяна Чуліцкая гаварыла пра грамадскія рухі і палітычныя змены ў Беларусі ў 2020 годзе і пасля.

Асяроддзе для развіцця ў Беларусі грамадзянскай супольнасці заўжды было варожым.

Лібералізацыя 2014-2015 гадоў закранула грамадзянскую супольнасць. Зʼявілася магчымасць удзельнічаць у культурніцкіх, экалагічных праектах, але пры ўмове, што яны будуць па-за палітыкай.

«Гэта цікавы феномен для Беларусі. Ты можаш быць актыўным толькі па-за палітыкай. Гэта азначала, што палітычная апазіцыя заўжды была паралізаваная», — казала Чуліцкая.

На 2020 год у Беларусі было шмат грамадскіх арганізацый і ініцыятываў, але абмежаваных у сваёй дзейнасці. У іх не было палітычных мэтаў. Яны займаліся адукацыяй, культурай.

Няўрадавыя арганізацыі не сталі драйверам пратэстаў, але яны былі іх удзельнікамі, як лічыць Чуліцкая.

У 2020 годзе паўстаў шырокі грамадскі рух, як тое было напачатку 1990-х. Ён дапамог людзям вярнуцца ў палітыку.

У далейшым гэты рух сутыкнуўся з суровымі рэпрэсіямі, і цяпер ён падрабіўся на фрагменты.

«Тыя арганізацыі, ініцыятывы, якія захаваліся, ці ў Беларусі, ці ў выгнанні працягваюць сваю дзейнасць, яны не зніклі наогул», — запэўнівала аўтарка агляду.

Такія суполкі існуюць у падпольных умовах у Беларусі, а таксама ў замежжы. Утварыліся дыяспарныя ініцыятывы, якія дапамагаюць мабілізаваць беларусаў, якія зʼехалі.

Змены пакуль не бачныя, але яны глыбінныя

Пра феномен беларускай самаарганізацыі на прэзентацыі гаварыла дацэнт з брытанскай Школы славянскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў пры Універсітэцкім каледжы ў Лондане Ірына Пятрова.

«Мы былі сведкамі таго, што завецца выхаваннем і станаўленнем нацыянальнай годнасці», — казала яна пра самаарганізацыю пратэстаў.

Па яе словах, адметным месцам на пратэстах былі дваровыя супольнасці, дзе нараджалася і ўмацоўвалася пачуццё салідарнасці.

Беларусь у 2020-м: на мітынгу прыхільнікаў Ціханоўскай

Ірына Пятрова лічыць, што пратэст хоць і не дасягнуў сваёй мэты, але ён пакінуў пачуццё абуджэння грамадскасці. Людзі зразумелі свой патэнцыял.

«Змены пакуль не бачныя, але яны глыбінныя і яны ёсць. Гэта доўгатрывалы працэс».

Беларусам давядзецца адказаць на няпростае пытанне: з кім яны?

Навуковая супрацоўніца Анастасія Кудленка з брытанскага Інстытута глабальнага ўстойлівага развіцця казала пра масавую грамадзянскую мабілізацыю, якая ва Украіне прывяла да рэвалюцыі годнасці, а ў Беларусі — да рэвалюцыі абурэння.

Паводле яе, мэтаў грамадскія рухі ва Украіне і Беларусі пакуль не дасягнулі.

Ва Украіне рэвалюцыя годнасці сутыкнулася з агрэсіяй з боку Расіі, але гэта не спыніла рашучасці ўкраінцаў жыць у свабоднай і дэмакратычнай краіне.

А ў Беларусі рэвалюцыя сутыкнулася з рэпрэсіямі рэжыму Лукашэнкі. 

Байцы палка Каліноўскага. Фота: тэлеграм-канал BelWarriors

Анастасія Кудленка лічыць, што беларусам давядзецца адказваць на складанае пытанне: якой яны бачаць будучыню сваёй краіны?

«Беларусам самім трэба вызначыцца, ці будуць яны надалей заставацца пад расійскім дамінаваннем альбо будуць змагацца за суверэнітэт», — адзначала Кудленка.

У канцы прэзентацыі было згадана, што дзесяць гадоў таму пабачыла свет кніга з падобнай назвай «Сучасная Беларусь: паміж дэмакратыяй і аўтарытарызмам».

Згадалі і кнігу Янкі Запрудніка «Беларусь на гістарычных скрыжаваннях», выдадзеную ў 1993 годзе. Тады былі альтэрнатыўныя шляхі развіцця краіны, але зʼявіўся «чорны лебедзь».

«Да ўлады прыйшоў Лукашэнка, і ніхто не чакаў, што ён на столькі застанецца пры ўладзе, — канстатавалі на прэзентацыі. — Падзеі сталі развівацца не на нашу карысць. Гэта быў рух назад, што тычыцца палітыкі, эканамічнай лібералізацыі».

Глядзіце таксама:

«Стрыжнёвым словам, якое спалучала б сакральнае і штодзённае, палітычнае і культурнае, магла б стаць «беларушчына»

«Добрыя рускія» пасварыліся з-за Ціханоўскай

Дзяніс «Кіт» Прохараў — пра стаўленне да Сахашчыка, Офіса Ціханоўскай і папаўненне палка Каліноўскага

«Тожабеларусы». Новае жыццё палітычнага клішэ стагадовай даўніны

«Клеілі літару Z, а пасля яе аддзіралі». Былы вязень шклоўскай калоніі расказвае, як няўдачы расіян на фронце змянялі настроі сілавікоў

Васіль Вашчыла