Расейцы рыхтуюць тэракт на ЗАЭС — экстранны зварот Зяленскага

«Толькі што быў даклад нашай разведкі і Службы бяспекі Украіны. Расея разглядае сцэнар тэрарыстычнага акта на Запарожскай атамнай станцыі — тэрарыстычнага акта з выкідам радыяцыі. Яны ўсё падрыхтавалі для гэтага», — сказаў прэзідэнт Украіны.

22.06.2023 / 12:42

Уладзімір Зяленскі. Фота: Офіс прэзідэнта Украіны

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што Расея імаверна рыхтуецца здзейсніць тэракт на Запарожскай атамнай станцыі, які можа прывесці да выкіду радыяцыі. Пра гэта ён заявіў падчас экстраннага відэазвароту 22 чэрвеня, як піша «Украінская праўда».

«Толькі што быў даклад нашай разведкі і Службы бяспекі Украіны. Расея разглядае сцэнар тэрарыстычнага акта на Запарожскай атамнай станцыі — тэрарыстычнага акта з выкідам радыяцыі. Яны ўсё падрыхтавалі для гэтага».

Прэзідэнт нагадаў, што радыяцыя не ведае дзяржаўных межаў і што «толькі кірункам ветру вызначаецца, «па кім яна ўдарыць».

Зяленскі дадаў, што Украіна перадае ўсю наяўную інфармацыю і ўсе доказы партнёрам у Еўропе, Амерыцы, Кітаі, Бразіліі, Індыі, арабскім свеце, Афрыцы.

«Ніякіх тэрактаў на атамных станцыях ніколі, нідзе не павінна быць. На гэты раз не павінна быць, як з Кахоўкай: свет папярэджаны, такім чынам, свет можа і павінен дзейнічаць», − падсумаваў прэзідэнт Украіны.

20 чэрвеня кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Кірыла Буданаў дапусціў, што ёсць пагроза падрыву або аварыі на Запарожскай атамнай электрастанцыі, паколькі акупанты дадаткова замініравалі ахаладжальнік.

Nashaniva.com