Беларус выйграў прэстыжны Кубак Колдэра

Гэта галоўны прыз Амерыканскай хакейнай лігі, другой па значнасці пасля НХЛ.

22.06.2023 / 08:22

Аляксей Протас

«Хершы Бірс» (фарм-клуб клуба НХЛ «Вашынгтон») абыграў у авертайме ў сёмым матчы фіналу «Каачэлу» (фарм-клуб «Сіэтла») 3:2 і выйграў серыю з лікам 4:3.

Беларус Аляксей Протас сёння аддаў галявы пас.

Наогул у плэй-оф ён набраў 13 балаў (5 шайбаў + 8 галявых перадачаў), гэта трэцяя пазіцыя ў клубе.

У гэтым сезоне Протас гуляў за клуб НХЛ «Вашынгтон Кэпіталз», а пасля таго, як клуб не трапіў у Кубак Стэнлі, адправіўся ў «Хершы» дапамагаць змагацца за трафеі.

Аляксей — трэці ў гісторыі беларус, які стаў уладальнікам Кубка Колдэра. Раней трафей заваёўвалі Андрэй Касціцын і Міхаіл Грабоўскі ў сезоне-2006/07 у складзе «Гамільтана».

Nashaniva.com