Бадзяжных катоў і сабак у Беларусі становіцца ўсё больш. 70% з іх асуджаны на гібель
Праблема, звязаная з колькасцю бяздомных жывёл на вуліцах, з кожным годам набірае ў Беларусі абароты, паведаміў на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Мінжылкамгаса Андрэй Рамашка.
21.06.2023 / 11:46
Фота: «Наша Ніва»
«Праблема з году ў год набірае абароты, колькасць адлоўленых бяздомных катоў і сабак з кожным годам павялічваецца. Так, калі ў 2022 годзе па ўсёй краіне было адлоўлена каля 22 тысяч жывёл, то за пяць месяцаў бягучага года гэта колькасць складае ўжо 10 тысяч», — цытуе словы чыноўніка «Спутнік».
Кажучы пра лёс гэтых жывёл, Рамашка паведаміў, што толькі нешматлікія з іх трапляюць да новых уладальнікаў. Паводле яго слоў, у мінулым годзе каля 10% ад усіх адлоўленых у краіне жывёл былі вернутыя іх гаспадарам, 20% — здабылі новых гаспадароў.
«Гэта значыць, 70% такіх жывёл, на жаль, у адпаведнасці з заканадаўствам асуджаныя на гібель», — дадаў ён.
«Праблема ў тым, што сёння пытанне абыходжання з жывёламі рэгулюецца толькі пастановай урада, але ў большай ступені гэты дакумент распаўсюджваецца на правілы ўтрымання свойскіх жывёл у жыллёвым фондзе», — адзначыў начальнік упраўлення.
Рамашка нагадаў, што ў Беларусі неабходна рэгістраваць жывёл пасля іх набыцця.
«Сёння рэгістрацыя ажыццяўляецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі праз службу «Адно акно», але працэс рэгістрацыі не дасканалы, бо звычайна пазней складана ідэнтыфікаваць жывёлу, калі ўладальнік гэтага не захоча», — растлумачыў прадстаўнік профільнага ведамства.
Разам з тым, паводле слоў чыноўніка, у Беларусі ў апошнія гады вядзецца ўзмоцненая работа па ўдасканаленні заканадаўства ў гэтай сферы. У прыватнасці, ужо распрацаваны і абмяркоўваецца, а хутка будзе вынесены і на грамадскае абмеркаванне праект закона аб адказным абыходжанні з жывёламі, які дазволіць урэгуляваць пытанні іх рэгістрацыі і ідэнтыфікацыі.