Пастар пратэстанцкай царквы «Новае жыццё»: Ніхто не застанецца непакараным за знос храма
Вячаслаў Ганчарэнка назваў «абуральным беззаконнем» знос уладамі будынка на вуліцы Кавалёва, 72 у Мінску, дзе праходзіла богаслужэнне.
21.06.2023 / 09:07
Вячаслаў Ганчарэнка. Фота: inlight.news
«Нейкі час таму яго ў нас адабралі, потым спустошылі, а цяпер ён разбураны, ён разбураецца прама цяпер, на нашых вачах. Вы бачыце. Там трактар ездзіць. Усё, што было нашым храмам, цяпер разваліны», — перадае словы Вячаслава Ганчарэнкі «Позірк».
Пастар звярнуўся да «ўсіх тых людзей, што былі ўдзельнікамі ўсяго гэтага дзейства, прынялі рашэнне і сёння гэта разбураюць, руйнуюць»:
«Гора вам. І пабойцеся Бога, бо яго суд адбудзецца неўзабаве. Ніхто не застанецца непакараным, хто дакрануўся да святога».
«Усім, хто з намі сёння», Ганчарэнка пажадаў «цярпення, веры, любові».
«Будзем працягваць свой шлях, будзем ісці далей, будзем верыць, працягваць імкнуцца да таго, што Бог вызначыў для нас. І я веру, што адчыняцца новыя дзверы», — адзначыў ён.
Учора ўлады пачалі знос царквы.
Паводле змен, што былі ўнесеныя ў праект дэталёвага планавання Сухарава, ухваленага ў 2019 годзе, на месцы царквы павінна вырасці школа.
Ціск на вернікаў, якія, на думку гарадскіх уладаў, павінны тэрмінова і назаўжды пакінуць будынак, узмацніўся ў пачатку 2021 года.
Варта адзначыць, што ў 2020-м пастар «Новага жыцця» рэзка асудзіў беззаконне і зверствы.
17 лютага 2021 года судовыя выканаўцы ўвайшлі ў царкву ў суправаджэнні міліцыі, апісалі маёмасць. У будынку ў той час ішла малітва. Прыхаджане, каб пазбегнуць арыштаў, вымушаныя былі пакінуць царкву.
Вернікі доўгі час маліліся побач з царквой.