«Інфаказачка» Вольга Бондарава запісала пакаяльнае відэа

Вядомая сваёй радыкальна антыбеларускай пазіцыяй прарасійская і пралукашэнкаўская актывістка Вольга Бондарава знялася ў незвычайным для сябе жанры пакаяннага відэа. Яно з'явілася ў яе тэлеграм-канале як «афіцыйная заява».

20.06.2023 / 21:28

Вольга Бондарава падчас запісу пакаяннага відэа. 

«Прашу прабачэння ва ўсіх, каго магла пакрыўдзіць неасцярожным словам або неабгрунтаванымі прэтэнзіямі: дэпутатаў, публічных асоб, супрацоўнікаў праваахоўных органаў», — гаворыць на камеру Бондарава.

Пры гэтым яна абяцае: «Мы працягнем стваральную дзейнасць па абароне дзяцей, барацьбе з нацызмам, з фальсіфікацыямі гісторыі, а таксама па адукацыі грамадства ў інтарэсах дзяржавы». Гэта варта разумець як абяцанне працягваць дзейнасць, скіраваную супраць беларушчыны ва ўсіх яе праявах.

З'яўленне гэтага відэа відавочна звязана з тым, што апошнім часам Бондарава, адчуваючы сваю беспакаранасць і нават сілу, бо на яе кляўзы ўладныя органы рэагавалі хутка і рабілі ўсё, што ёй хацелася, перастала адчуваць меру. У выніку пад крытыку адыёзнай актывісткі сталі патрапляць нават чыноўнікі і сілавікі, з якімі ў яе з тых ці іншых прычын не склаліся адносіны. А яўна перайшла ўсе чырвоныя лініі яна тады, калі пайшла ў атаку на начальніка гродзенскай абласной міліцыі Дзмітрыя Разянкова.

Можна меркаваць, што менавіта аргументы высокапастаўленых сілавікоў вярнулі Бондараву з неба на зямлю і прымусілі больш крытычна ацаніць сваю ролю і месца.

Чытайце таксама:

Хто такія вамбаты? Як лукашыстаў падзяліла на два лагеры адно пытанне

Вольга Бондарава зрабіла «Драздоў» «Дзятламі» за песню на беларускай мове, якую спявалі пры Лукашэнку

Інфаказачка Бондарава цяпер вучыць, як адзяваць і стрыгчы дзяцей

Nashaniva.com