Затрыманы ў Івацэвічах расійскі кантрактнік вярнуўся ў вайсковую часць — «Люстэрка»
Расійскага вайскоўца Аляксандра Быкава, якога затрымлівалі ў Івацэвічах 17 чэрвеня, аштрафавалі і ўжо адпусцілі, гэта высветліла «Люстэрка».
19.06.2023 / 19:19
Расіянін, які назваўся Аляксандрам Быкавым (злева) падчас затрымання ў Івацэвічах. Брэсцкая вобласць, 17 чэрвеня 2023 года. Фота: «Ганцавіцкі час»
Журналістка выдання, прадставіўшыся сваячкай Быкава, патэлефанала ў канцылярыю Івацэвіцкага суда, дзе ёй сказалі, што матэрыялы справы на такога чалавека не паступалі. У раскладзе судовых пасяджэнняў такога прозвішча таксама не было.
У Івацэвіцкім РАУС журналістцы адказалі, што Аляксандр Быкаў знаходзіцца ў сваёй вайсковай часці.
«Прыехалі яго камандзіры, забралі і адвезлі ў вайсковую часць. Усё нармальна, жывы-здаровы. Можаце жонцы яго патэлефанаваць, яна з'ехала дадому», — сказалі ў РАУС.
Судзіць Быкава не будуць, але яму выпісалі штраф, які аплаціла ягоная жонка. Штраф, паводле начальніка мясцовай міліцыі, невялікі.
Вечарам 17 чэрвеня ў Івацэвічах скруцілі дваіх расіян, якія ехалі на аўто з літарай Z на шкле.
Пасля з'яўлення відэа ў сеціве ананімны тэлеграм-канал, звязаны з беларускімі сілавікамі, расказаў падрабязнасці затрымання. Паводле яго інфармацыі, сям'я ўжывала алкаголь, а з гулянкі вырашыла паехаць на сваім аўто.
Машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ. Расіяне не рэагавалі на папярэджанні і «атрымалі па поўнай праграме пратаколы не толькі за перадачу стырна і п'яную язду, але і за непадпарадкаванне».
Пазней стала вядома, што адзін з затрыманых расіян, Аляксандр Быкаў — кантрактнік расійскай арміі і служыць стралком у батальёне 283-га палка 144-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі. Гэта злучэнне ўваходзіць у склад 20-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Заходняй ваеннай акругі.
Чытайце таксама: