У Бярозе п'янага бяспраўніка затрымлівалі, страляючы па колах

Стралянінай скончылася пагоня за п'яным кіроўцам на аўтадарозе Р—101 «Пружаны — Бяроза», як расказалі ў МУС Беларусі ў панядзелак. Там удакладнілі, што інцыдэнт адбыўся напярэдадні позна ўвечары.

19.06.2023 / 17:08

«Інспектары ДАІ Бярозаўскага РАУС падалі сігнал аб спыненні кіроўцу Mercedes. Патрабаванне ён праігнараваў і працягнуў рух, павялічваючы хуткасць. Пачаўся пераслед», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

У МУС падкрэсліваюць, што кіроўца неаднаразова праігнараваў патрабаванне супрацоўнікаў міліцыі спыніцца, а спрабуючы ўцячы, пачаў ствараць рэальную пагрозу жыццю і здароўю іншых людзей.

«Інспектарам давялося зрабіць некалькі папераджальных стрэлаў у паветра, а затым па колах аўто. Толькі так удалося спыніць уцекача», — расказалі ў ведамстве.

Высветлілася, што аўто кіраваў 39-гадовы жыхар Бярозы. Медычны агляд паказаў наяўнасць у яго 1,5 праміле алкаголю. У салоне таксама знаходзіліся нецвярозы 38-гадовы пасажыр (2,1 праміле) і 14-гадовая дачка кіроўцы.

Пры затрыманні, як сцвярджаецца, мужчыны не падпарадкаваліся законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, праз што да іх была ўжытая фізічная сіла, не абышлося і без спецыяльных сродкаў.

«Кіроўцу пагражае адказнасць за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, неаднаразовае невыкананне патрабаванняў супрацоўнікаў ДАІ аб спыненні і непадпарадкаванне», — паведамілі ў Міністэрстве.

Да гэтага выпадку кіроўца ўжо тройчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за нецвярозае кіраванне.

Чытайце таксама:

У Крычаве на гарадскім пляжы выявілі снарад часоў Другой сусветнай вайны

Велізарная яма ўтварылася проста на дарозе ў Баранавічах

25-гадовы хлопец загінуў пад коламі цягніка ў Мінску. Ён быў у навушніках

Nashaniva.com