У Белавежскай пушчы больш чым праз 40 гадоў зноў знайшлі вельмі рэдкі від асакі
Доўгі час гербарныя экзэмпляры асакі Буксбаума, сабранай у пачатку 1980-х гадоў, былі адзіным пацвярджэннем таго, што гэтая расліна расце ў Белавежскай пушчы. А ў чэрвені гэтага года, праз больш за 40 гадоў пасля першай і адзінай знаходкі, яе зноў знайшлі ў тых самых мясцінах, як паведамляецца на сайце нацыянальнага парку.
19.06.2023 / 16:46
Асака Буксбаума (Carex buxbaumii Wahlenb.) — выключна рэдкі для Беларусі балотна-лугавы від раслін, які адносіцца да I катэгорыі нацыянальнага прыродаахоўнага значэння.
Паводле апошняга выдання Чырвонай кнігі Беларусі, да цяперашняга часу дакладна вядомых месцаў, дзе ў нашай краіне дагэтуль расце гэты від, у нашай краіне няма, а большая частка знаходак асакі Буксбаума мае даўніну ў некалькі дзесяцігоддзяў.
У Белавежскай пушчы асаку Буксбаума ўпершыню знайшла ў 1981 годзе пушчанскі батанік Вольга Грушэўская, але расліна была памылкова вызначаная як асака Гартмана (Carex hartmaniorum Cajander). Перавызначэнне віду ў пушчанскім гербарыі правёў праз дзесяцігоддзе супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі Аркадзь Скуратовіч.
Асака Буксбаума, знойдзеная ў Белавежскай пушчы ў 2023 годзе
Чытайце таксама:
У Белавежскай пушчы абмералі дуб-волат, за 20 гадоў ён значна падрос
У Бярэзінскім біясферным запаведніку знайшлі фіялку, якая раней там не сустракалася