Праваабаронцы расказалі, колькі мігрантаў загінула на мяжы Беларусі і ЕС і што цяпер з тымі, хто застаўся ў краіне
Адна з галоўных беларускіх падзей 2021 года — памежны крызіс, калі праз нашу краіну ў ЕС лінуліся тысячы ўцекачоў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі. Эксперты Human Constanta зрабілі справаздачу па справах цяперашніх транзітных уцекачоў у Беларусі.
19.06.2023 / 15:48
Сірыйскі ўцякач, які трапіў у ЕС праз Беларусь, паказвае фота вогнішча, ля якога ён абаграваўся на беларуска-польскай мяжы. Фота: AP Photo / Michele Tantussi
Праваабаронцы арганізацыі Human Constanta манітораць памежны крызіс у Беларусі з 2021 года. Самая свежая справаздача экспертаў расказвае пра справы транзітных уцекачоў па стане на 2022 год. Праваабаронцы адзначаюць, што атрымліваць інфармацыю для іх няпроста: яны не маюць фізічнага доступу да ўцекачоў на тэрыторыі Беларусі, таксама не могуць трапіць у памежную паласу ў нашай краіне і вымушаныя, такім чынам, карыстацца беларускай афіцыйнай статыстыкай.
Паводле праваабаронцаў, у Беларусі дагэтуль складана атрымаць статус уцекача ці міжнародную абарону: адпаведная працэдура непразрыстая і няпростая, уцекачам з пэўных краін аўтаматычна адмаўляюць у разглядзе іх заяваў. Напрыклад, у мінулым годзе статус уцекача атрымалі толькі 19 чалавек, дадатковую абарону тэрмінам на год — 1540 чалавек (з іх 1517 украінцаў). Праваабаронцы тлумачаць гэта ігнараваннем праблемы з боку дзяржавы. Яны падкрэсліваюць, што ў 2022 годзе статус уцекача запрасілі 2571 чалавек — гэта ў пяць разоў больш, чым у 2021-м, то-бок частка транзітных уцекачоў застаюцца ў Беларусі. У нашай краіне фіксуюцца выпадкі выдварэння ўцекачоў у краіны, дзе ім пагражаюць катаванні і смерць, дзе маюць месца ваенныя канфлікты.
Таксама Human Constanta звяртае ўвагу на праблему знікнення і смерцяў людзей на мяжы. Атрымаць дакладныя даныя пра гэта няпроста: эксперты збіраюць інфармацыю ад беларускага ДПК (Дзяржаўнага памежнага камітэта) і ад памежнікаў суседніх краін, але сумясціць звесткі ў адзінае цэлае складана ў тым ліку і праз тое, што памежнікі нашых суседзяў асвятляюць праблему канкрэтна на сваёй частцы нашай сумеснай мяжы.
На канец 2022 года ДПК казаў пра 17 целаў, знойдзеных у беларускім памежжы, па стане на 7 чэрвеня да іх дадалося яшчэ 16 целаў. Праваабаронцы дапускаюць, што загінулых яшчэ больш, проста некаторыя ўцекачы паміраюць у кватэрах. Гэта можа быць звязанае з цяжкасцямі з медыцынскай дапамогай: у мігрантаў заканчваюцца тэрміны візы і страхоўкі, і таму нават тэрміновая медыцынская дапамога для іх робіцца платнай. Праваабаронцы згадваюць гісторыі пра жанчын, якія нават баяліся ехаць у бальніцу падчас родаў праз чуткі, што ў іх адбяруць дзяцей (такіх выпадкаў не зафіксавана).
Як дзяржава падтрымлівае ўцекачоў? Па законе, як расказвае Human Constanta, ім належыць аднаразовая фінансавая дапамога ў памеры 1 базавай велічыні (на сёння гэта 37 рублёў), астатняя дапамога даступная па запыце. Чалавека могуць скіраваць у адпаведны цэнтр размяшчэння, але іх у Беларусі засталося толькі два, і колькасць месцаў у іх — каля 50. Уцекачы могуць папрасіць дапамогу на пакрыццё самастойнага пражывання, яна складае не больш за 10 базавых велічынь у месяц (370 рублёў), і чыноўнікі могуць не выдзяляць гэтыя сродкі. Яшчэ ўцекачы могуць адзін раз атрымаць да 5 базавых велічынь (185 рублёў) на ежу і прыблізна столькі ж на адзенне. Не ўсе з іх гатовыя жыць на гэтыя грошы і чакаць разгляду заяваў.
Па інфармацыі Human Constanta, у 2022 годзе беларускія памежнікі працягвалі падштурхоўваць людзей да нелегальнага пераходу мяжы ці адкрыта прымушалі гэта рабіць. Калі ж спробы перайсці такім чынам мяжу не былі паспяховымі, транзітныя ўцекачы заставаліся ў лесе і спрабавалі выжыць без ежы, вады, прытулку і доступу да медыцынскай дапамогі.