Уводзіцца адміністрацыйная адказнасць за «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносін» і бяздзетнасці

Па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры зацверджаны план мерапрыемстваў па абароне дзяцей ад сэксуальнага гвалту і эксплуатацыі. Ён прадугледжвае ўвядзенне хімічнай кастрацыі педафілаў. Але пад шумок упершыню ўводзіцца таксама адказнасць за «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносін» і бяздзетнасці, на ўзор таго, што існуе ў Расіі. Гэтыя нормы лёгка могуць выкарыстаныя для пераследу ЛГБТ і адзінокіх.

19.06.2023 / 13:08

Першая пара жанчын, якая ажанілася ў Каліфорніі пасля легалізацыі аднаполых шлюбаў. David McNew / Getty Images

Як паведамляе прэс-служба пракуратуры, падрыхтаваныя змены ў Крымінальны кодэкс: разам з пакараннем за злачынства прысудам суда прадугледжваецца прымусовае лячэнне асоб, якія хворыя на педафілію.

Распрацаваны і зацверджаны клінічны пратакол, які змяшчае алгарытм лячэння педафіліі, у тым ліку з прымяненнем хімічнай кастрацыі. 

Прынятыя меры па развіцці даступнай сэксалагічнай дапамогі насельніцтву, як паведамляе прэс-служба, не раскрываючы падрабязнасцяў. 

Лукашэнка, паводле паведамлення, падтрымаў ініцыятывы Генпракуратуры «аб прапрацоўцы пытанняў, якія тычацца ўзмацнення адказнасці бацькоў; вызначэнні адміністрацыйнай адказнасці за прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных стасункаў, змены полу, педафіліі і чайлдфры; укаранення ў адукацыйны працэс абавязковага курса на тэму палавога выхавання дзяцей і моладзі; узмацнення кантролю за раней судзімымі асобамі, у тым ліку з выкарыстаннем электронных бранзалетаў».

За апошнія 5 гадоў, паводле Генпракуратуры, у Беларусі больш за 3,5 тысячы дзяцей сталі ахвярамі злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці. 

Nashaniva.com