Затрыманы ў Івацэвічах расеец — кантрактнік расійскага войска. У Беларусі ён мог рыхтавацца да адпраўкі ва Украіну — «Люстэрка»
Адзін з затрыманых у Івацэвічах 17 чэрвеня расейцаў можа быць вайскоўцам расійскага войска. «Люстэрка» адшукала ў сацыяльных сетках вельмі падобнага мужчыну з такім жа імем, імем па бацьку і прозвішчам, якімі назваўся мужчына, што трапіў на відэа. На яго старонцы значыцца, што ў красавіку 2023 года ён заключыў кантракт з Мінабароны РФ тэрмінам на два гады. Падраздзяленне, у якім ён служыць, можа знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.
18.06.2023 / 16:59
Расіянін, які назваўся Аляксандрам Быкавым (злева) падчас затрымання ў Івацэвічах. Брэсцкая вобласць, 17 чэрвеня 2023 года. Фота: «Ганцавіцкі час»
Адзін з расейцаў, затрыманых суботнім вечарам каля аднаго з гандлёвых цэнтраў Івацэвічаў, назваўся Аляксандрам Леанідавічам Быкавым.
Журналісты знайшлі ў сацыяльных сетках вонкава падобнага чалавека з такім імем, прозвішчам і імем па бацьку.
Яму 41 год, ён з Санкт-Пецярбурга (дарэчы, аўтамабіль затрыманых, мяркуючы па нумарах, зарэгістраваны ў Ленінградскай вобласці).
28 красавіка 2023 года Аляксандр Быкаў падпісаў кантракт на два гады з расійскім Міністэрствам абароны.
Пасля гэтага радавога запасу Быкава залічылі стралком у батальёне 283-га палка 144-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі. Гэта злучэнне ўваходзіць у склад 20-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Заходняй ваеннай акругі.
Выпіска з загада аб падпісанні кантракта паміж Аляксандрам Быкавым і расійскім Міністэрствам абароны. Фота з профілю расіяніна ў сацыяльнай сетцы
Вядома, што 20-я гвардзейская агульнавайсковая армія ўваходзіць у склад рэгіянальнай беларуска-расійскай групоўкі войскаў. Імаверна, падраздзяленне Аляксандра Быкава знаходзіцца непадалёк ад Івацэвічаў, на Абуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне. Там пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну навучаюцца часткі расійскага кампанента рэгіянальнай групоўкі.
Як лічыць украінскі бок, пасля навучання на тэрыторыі Беларусі расійскія падраздзяленні вяртаюцца ў Расію і адтуль адпраўляюцца на вайну.
Вечарам 17 чэрвеня ў Івацэвічах скруцілі дваіх расіян, якія ехалі на аўто з літарай Z на шкле.
Пасля з'яўлення відэа ў сеціве ананімны тэлеграм-канал, звязаны з беларускімі сілавікамі, расказаў падрабязнасці затрымання. Паводле яго інфармацыі, сям'я ўжывала алкаголь, а з гулянкі вырашыла паехаць на сваім аўто.
Машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ. Расіяне не рэагавалі на папярэджанні і «атрымалі па поўнай праграме пратаколы не толькі за перадачу стырна і п'яную язду, але і за непадпарадкаванне».
Чытайце таксама: