Мордай у асфальт: у Івацэвічах затрымалі аўтамабіль з літарай Z на расійскіх нумарах ВІДЭА

Увечары 17 чэрвеня жыхары спальнага раёна правінцыйных Івацэвічаў сталі сведкамі неардынарнага здарэння. На вачах у соцень людзей сілавікі выцягнулі з машыны з літарай Z двух мужчын і затрымалі іх.

18.06.2023 / 12:04

Фота: «Ганцавіцкі час»

Як піша «Ганцавіцкі час», затрыманыя людзі паводзілі сябе вельмі абуральна. Адзін з іх крычаў, што ён рускі, а беларусы яго «казлом назвалі».

«Мяне казлом абазвалі беларусы. А я рускі б…» — крычаў мужчына, седзячы на ​​асфальце са скручанымі назад рукамі.

Мужчын, меркавана нецвярозых, выцягнулі з машыны на расійскіх нумарах і літарай Z на заднім шкле. Адзін ляжаў на зямлі, другога, у майцы з надпісам «Ветлівыя людзі», скруцілі міліцыянеры.

На месцы была яшчэ і жанчына, якая спрабавала заступацца за гэтых двух мужчын. Але яе неўзабаве акуратна, без ужывання фізічнай сілы, вывелі людзі ў вайсковай форме. Адыходзячы, жанчына яшчэ пагражала разбіць нечую камеру. 

Афіцыйных каментароў па сітуацыі не было.

Nashaniva.com