Дзяўчыне з Оршы далі трое сутак за тэрмакубак з «Пагоняй»

У адным з тэлеграм-каналаў сілавікоў было змешчана відэа, на якім дзяўчына распавядае пра сваю «віну»: маўляў, карысталася на працы тэрмакубкам з выявай герба «Пагоня» і надпісам «Жыве Беларусь». Яе прызналі вінаватай у несанкцыянаваным пікетаванні і асудзілі да трох сутак арышту.

17.06.2023 / 13:03

Месца працы дзяўчыны — Аршанскі льнокамбінат. Паводле яе паказанняў, кубак яна набыла ў краме і таму не лічыла, што ён можа быць прадметам правапарушэння. Разам з дзяўчынай у кабінеце працуюць 15 чалавек.

Адмыслова свой уласны посуд яна нікому не дэманстравала, але калегі маглі заўважыць, што на напоўненым гарачай вадкасцю кубку праступае выява «Пагоні» і лозунг «Жыве Беларусь».

Падобна на тое, што яе здаў нехта з калег: у адміністрацыйнай справе фігуруюць фотаздымкі, на якіх дзяўчына пазнала і сябе, і свой тэрмакубак.

Дзяўчыну пакаралі арыштам на трое сутак. А тэрмакубак суд пастанавіў знішчыць, піша «Віцебская вясна».

Nashaniva.com