Прыпыніў дзейнасць Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў

Аб прыпыненні дзейнасці ўстановы, якая гуртавала беларускіх аналітыкаў больш за 15 гадоў, паведаміў дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётра Рудкоўскі.

16.06.2023 / 19:49

Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў быў створаны ў чэрвені 2007 года групай выбітных навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў пры падтрымцы міжнароднай арганізацыі Pact. Яго стваральнікам і першым дырэктарам стаў палітолаг Віталь Сіліцкі, пад кіраўніцтвам якога інстытут набыў прызнанне як месца высакаякаснай грамадска-палітычнай экспертызы.

Пасля заўчаснай смерці Віталя Сіліцкага ў чэрвені 2011 года ў арганізацыі пачалі ўзнікаць канцэптуальныя і персанальныя спрэчкі, тым не менш інстытут надалей меў інстытуцыйнае фінансаванне і меў магчымасць паўнавартасна функцыянаваць як арганізацыя.

Але з цягам часу супярэчнасці ў асяроддзі аналітыкаў нарасталі, а разам з тым меншала донарская падтрымка інстытуцыі.

Урэшце да 2017 года BISS аказаўся ў глыбокім фінансавым і арганізацыйным крызісе. Ад сакавіка 2017 да сакавіка 2018 года ў інстытуце практычна ніякая дзейнасць не вялася.

У сакавіку 2018 года дырэктарам-валанцёрам BISS пагадзіўся стаць Пётра Рудкоўскі. Валанцёрскае дырэктарства азначала, што ў яго не было заробку, адпаведна, і набор абавязкаў быў вельмі абмежаваны, а фактычна змяшчаў толькі адзін акрэслены абавязак: удзел у напісанні праектных заявак і рэалізацыі праектаў.

Стартавыя ўмовы, як падкрэслівае Рудкоўскі, былі вельмі кепскімі, але дзякуючы маральнай, а часам і матэрыяльнай падтрымцы добрых людзей, а таксама гатоўнасці некаторых экспертаў супрацоўнічаць без гарантыі заробку цягам аднаго года арганізацыя практычна выйшла з крызісу і ўступіла на этап развіцця.

Але наступныя абставіны, якія Рудкоўскі падрабязна распісвае, гэтаму развіццю зусім не спрыялі, і таму зараз інстытуцыя мусіць, як ён выказаўся, «вандраваць у архіў гісторыі».

Чытайце таксама:

Ці рэальна ў эміграцыі стварыць дэмакратычныя інстытуты, з якімі можна будзе прыйсці ў новую Беларусь?

«Можна задаваць пытанні, чаму палякі тады не затрымалі савецкія і свае ўласныя танкі, якія ехалі ў напрамку Чэхаславакіі»

Наколькі рэальна сфармаваць беларускае войска на тэрыторыі іншай дзяржавы?

Nashaniva.com