Фядуту пазбавілі перадач да кастрычніка. Перадаюць толькі лекі

Інфармацыя пра асуджанага на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму літаратуразнаўцу вельмі скупая. Родныя не дзеляцца інфармацыяй, каб не нашкодзіць.

16.06.2023 / 14:22

Аляксандр Фядута. Фота: БелТА

Вядома, што ў Аляксандра Фядуты, які адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі, ёсць праблемы са здароўем, і ў гэтым годзе ён трапляў у турэмную бальніцу. Абвастрыліся праблемы з сэрцам, з’явіліся ацёкі.

Таксама маюцца праблемы з нагамі: яшчэ ў СІЗА яму перадалі кіёк, з якім ён ходзіць і ў магілёўскай калоніі. Хаця, па некаторай інфармацыі, цяпер ён пачуваецца лепш, чым на пачатку года.

Ад былых калег Фядуты па зняволенні стала вядома, што журналіст пазбаўлены перадач да кастрычніка. Яму перадаюць толькі лекі, піша «Народная Воля».

***

Аляксандра Фядуту затрымалі ў Маскве 11 красавіка 2021 года ў выніку сумеснай «спецаперацыі» ФСБ Расіі і КДБ Беларусі ў межах справы аб спробе дзяржаўнага перавароту. Паралельна схапілі палітыка Рыгора Кастусёва і юрыста Юрася Зянковіча. Усім выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса — «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».

Разгляд аб’яднанай справы пачаўся 29 ліпеня 2022 года ў Мінскім раённым судзе. Аляксандр Фядута прызнаў віну часткова і не пагадзіўся з агучанымі бокам абвінавачання матывамі. Праз месяц пасяджэнняў пракурор Міхаіл Кавалёў запатрабаваў для палітвязня 12 гадоў зняволення.

5 верасня 2022 года суддзя Уладзімір Арэшка крыху «змякчыў» запытаны тэрмін і пакараў журналіста 10 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

29 лістапада Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле.

Чытайце таксама:

Фядута ў апошнім слове на судзе: Абвінаваўца іранізуе, ці не высокія матывы сталі прычынай маіх дзеянняў. Але, гэта так!

Гісторык Пашкевіч: Фядута ведае, што такое месца ў гісторыі, і думае пра яго нават за кратамі

«Злуюся на гэтага «змоўшчыка», але люблю гэтага хлопца». Жонка Фядуты атрымала спатканне з мужам

Nashaniva.com