«Рускі ваенны карабель, ідзі на …» прызнаная найлепшай маркай свету ў 2022 годзе

«Укрпошта» атрымала тры ганаровыя адзнакі і прэстыжную прэмію World Post & Parcel Awards — 2023, у прыватнасці, марка «Рускі ваенны карабель, ідзі на …» прызнаная найлепшай у свеце ў 2022 годзе.

16.06.2023 / 13:34

Марка прысвечаная гісторыі атакі расійскага крэйсера «Масква» на востраў Змяіны ў Чорным моры, які абаранялі ўкраінскія памежнікі, у лютым 2022 года, у пачатку поўнамаштабнага ўварвання. На патрабаванне здацца ўкраінскі вайсковец адказаў: «Рускі ваенны карабель, ідзі на х***!» Выраз стаў мемам. Усіх абаронцаў выспы захапілі ў палон і пазней абмянялі. А ў красавіку «Маскву» патапілі ўкраінцы. 

«Укрпошта» стала найлепшай і ў катэгорыі «Філатэлістычная кампанія года». Наклад паштовага выпуску «Рускі ваенны карабель, ідзі на …» склаў пяць мільёнаў асобнікаў, піша «Украінская праўда».

«2022 год стаў для ўкраінскай філатэліі годам перазагрузкі, уздыму і сапраўднага росквіту. Прыклад «Укрпошты» даказаў, што гэтая галіна можа мець надзвычайны попыт і папулярнасць. Украінскай філатэліяй сталі цікавіцца не толькі ўнутры краіны, але і ў свеце», — адзначаюць ва «Укрпошце».

Паведамляецца, што пра ўкраінскія маркі пісалі сусветныя медыя: CNN, The Guardian, The Times, The Washington Post, Bloomberg і інш.

Паштовая марка «Рускі ваенны карабель, ідзі на …» цяпер размешчана ў экспазіцыі Смітсанаўскага паштовага музея ў Вашынгтоне.

Паштовыя маркі Украіны ваеннага часу ёсць у калекцыях лідараў дзяржаў і кіраўнікоў міжнародных арганізацый, якія наведвалі Украіну на працягу 2022 года.

У цэлым наклады ўкраінскіх паштовых марак выраслі да мільёнаў.

Разам з «Укрпоштай» фіналістамі ў гэтай намінацыі былі «Пошта Сінгапура» (Singapore Post) і «Пошта Бразіліі» (Correios — Brazil Post).

Таксама «Укрпошта» была адзначаная ўзнагародай World Post & Parcel Awards — 2023 у катэгорыі «Паштовы аператар».

Nashaniva.com