У Польшчы збіраюцца правесці рэферэндум адносна прыёму мігрантаў
Польскі Сейм прагаласаваў супраць рэзалюцыі аб механізме ЕС па размеркаванні нелегальных мігрантаў па тэрыторыі Еўрасаюза. За пастанову прагаласавалі 242 дэпутаты, супраць — пяць, 34 дэпутаты ўстрымаліся ад галасавання, пра гэта паведамляе «Польскае радыё».
15.06.2023 / 20:01
Зала пасяджэнняў польскага Сейма. Фота ілюстрацыйнае
Праект пастановы падрыхтавала кіроўная партыя «Права і справядлівасць» (ПіС). Яе аўтары не згодныя з тым, «што польская дзяржава павінна несці сацыяльныя і фінансавыя выдаткі памылковых рашэнняў іншай краіны — сябра Еўрасаюза».
Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што міграцыйны пакт — гэта дыктат, і польскі ўрад не згаджаецца на нелегальную міграцыю і штрафы за непрыманне мігрантаў.
Лідар ПіС Яраслаў Качынскі падчас дыскусіі ў Сейме наконт пастановы ЕС аб размеркаванні мігрантаў абвясціў, што ў Польшчы будзе праведзены рэферэндум па перасяленні мігрантаў.
На мінулым тыдні пры супраціўленні Польшчы і Венгрыі міністры ўнутраных спраў краін ЕС прынялі міграцыйны пакт. Балгарыя, Мальта, Літва і Славакія ўстрымаліся.
Пагадненне ўводзіць прынцып абумоўленасці: альбо краіны пагодзяцца прыняць мігрантаў, якія дабіраюцца на поўдзень Еўропы праз Міжземнае мора, альбо будуць плаціць каля 20 тысяч еўра за кожнага недапушчанага.
Чытайце таксама:
Маравецкі: Польшча не дапусціць прымусовага перасялення мігрантаў