Дзе адпачыць і што паглядзець на Падляшшы?
Падляшскае ваяводства Польшчы, дзе кампактна жыве беларуская нацыянальная меншасць, багатае на мясціны, звязаныя з гісторыяй і культурай беларусаў. Радыё «Унэт» звярнулася па парады да мясцовых жыхароў — што было б беларусам цікава ў гэтым рэгіёне паглядзець. Прапановы на любы густ: ад Белавежскай пушчы да рэлігійных святынь.
15.06.2023 / 19:13
Музей малой айчыны ў Студзіводах
Цяжка знайсці ў Польшчы дарослага чалавека, які хаця б раз у жыцці не паглядзеў фільм «Знахар». І гэтая культавая мастацкая стужка вядомая далёка за межамі польскай дзяржавы. Але далёка не кожны ведае, што здымкі фільма адбываліся ў Бельску-Падляшскім — горадзе, які знаходзіцца за 50 кіламетраў на поўдзень ад Беластока і ад якога зусім недалёка да мяжы з Беларуссю.
Дарэчы, забудова, паказаная ў фільме, захавалася ў Бельску дагэтуль. У ім жа самім і ваколіцах ёсць на што паглядзець беларусам, адчуць беларускі дух, паслухаць тамтэйшую гаворку беларускай мовы.
Паводле гісторыка, этнографа, заснавальніка прыватнага Музея малой айчыны ў Студзіводах, што ў самім Бельску, дзеяча беларускай культуры на Падляшшы Дарафея Фіёніка, гэты горад быў самым вялікім у часы Сярэднявечча на захадзе Вялікага Княства Літоўскага. А ўласна Студзіводы, паводле яго, для ўсіх беларусаў вельмі важныя з пункту гледжання пазнавання гісторыі, культуры, этнаграфіі, археалогіі роднай зямлі.
Музей малой айчыны ў Студзіводах
«Гістарычных помнікаў у Бельску захавалася няшмат, апрача чатырох праваслаўных цэркваў з ХVIII-XIX стагоддзяў, але маем гарадзішча з ХІ стагоддзя і ратушу мураваную таксама з ХVIII стагоддзя.
А Студзіводы былі заснаваныя ў пачатку XVI стагоддзя як прыватны маёнтак мяшчанскага роду Сегяневічаў. Яны былі такім цэнтрам, гаворачы па-сучаснаму, лагістычным для гэтага роду.
Дзякуючы Сегяневічам са Студзівод і Бельска быў заснаваны Супрасльскі манастыр у Блудаўскай пушчы, які да сёння служыць цэнтрам праваслаўнай духоўнасці на Падляшшы.
Музей малой айчыны ў Студзіводах
Сёлета якраз тысячагоддзе мы адзначаем з часу ўзнікнення найстарэйшага славянскага рукапісу — Супраслькага кодэкса. Гэты год у Падляшскім ваяводстве прысвечаны гэтаму кодэксу.
Калі яшчэ гаварыць пра кнігі, варта падацца ў Заблудаў. Гэта даўняя маёмасць Хадкевічаў, а пасля Радзівілаў.
Рыгор Хадкевіч у 1569 годзе заснаваў першую на Падляшшы друкарню, у якой Іван Фёдараў з Пятром Мсціслаўцам надрукавалі «Евангеліе вучыцельнае» — першую кнігу, надрукаваную на Падляшшы, царкоўна-славянскую кнігу.
Музей малой айчыны ў Студзіводах
Цэнтрам старабеларускай культуры і праваслаўя быў таксама Драгічын. Першая сталіца Падляшша. Сёння ў гэтым горадзе праваслаўных меншасць.
Да Драгічына варта падацца як з увагі на помнікі культуры, так і на ландшафт. Буг цячэ там праз пагоркі, якія вельмі прыгожыя над далінаю Буга.
Непадалёк ад Драгічына горад Мельнік — другі важны горад на Бугу, дзе старабеларуская культура дамінавала. Да сённяшніх часоў ён у большасці заселены праваслаўнымі. Там таксама вельмі прыгожы ландшафт…» — кажа Дарафей Фіёнік.
Дарафей Фіёнік
Калі спадар Дарафей больш расказваў пра свае родныя мясціны, якія знаходзяцца на поўдзень і паўднёвы ўсход ад Беластока, то журналістка і пісьменніца Уршуля Шубзда, якая родам з Сакольшчыны, адзначыла найбольш цікавыя мясціны на паўночны ўсход і на поўнач ад ваяводскага цэнтра. Напрыклад, у наваколлі Аўгустова.
«Ёсць там вельмі цікавы Скаўронак, які нагадвае яшчэ мінулыя, камуністычныя часы, ПНР. Там можна спакойна ў цішы адпачнуць. Ёсць возера, лес сасновы. Сосны даюць вельмі прыемны пах. І гэта ўсё ўплывае на тое, як чалавек адпачывае. Там камфортна.
Музей малой айчыны ў Студзіводах
Была прыкладна два гады таму ў Ліпску. Там такая цікавая гісторыя — там былі і праваслаўныя, і ўніяты вельмі доўга, бо Ліпск быў захоплены Прусіяй. Дзякуючы гэтаму унія там даўжэй працягнулася, чым у іншых рэгіёнах Падляшша. Там ёсць касцёл, дзе можна памаліцца блаславёнай Мар’яне Бярнацкай, якая лічыцца заступніцай нявестак.
Апрача рэлігійнага кантэксту, варта адзначыць, што там ціха, спакойна. Ёсць вельмі добрая аграсядзіба на вуліцы Крутой, і там можна пайсці дагаварыцца з гаспадыняй, якая гатуе вельмі смачную ежу — усё такое хатняе.
Музей малой айчыны ў Студзіводах
Там цячэ таксама рака Бобра (Бебжа), якая там толькі пачынаецца і не такая шырокая, як у ваколіцах Ганёндза, але ёсць рака. Можна таксама паразмаўляць са старымі людзьмі, якія могуць расказаць пра гэтую раку неймаверныя гісторыі.
У Ялове не так даўно з’явілася такая кладка, па якой можна перайсці праз усе гэтыя Баброўскія балоты і дайсці да самой Бобры. Адважным рэкамендую паром, які перавязе на другі бок Бобры.
Там ёсць такія прычэпленыя цяжкія ланцугі, і каб перабрацца на другі бераг, трэба цягнуць за гэтыя ланцугі. Тая цішыня, гук тых ланцугоў, тое задавальненне, калі пераплываеш на другі бераг, вельмі прыемныя», — падзялілася спадарыня Уршуля.
Уршуля Шубзда
На Беласточчыне сапраўды шмат месцаў, куды будзе цікава паехаць беларусам, нібы падсумоўваючы ўсё вышэйсказанае, сцвярджае доктарка гістарычных навук Гражына Харытанюк-Міхей, якая працуе ў Беластоцкім універсітэце.
Яна падкрэслівае, што асабліва беларускай успрымаецца ўсходняя частка ваяводства. Што ж тычыцца непасрэдна наведванняў, то ўсё залежыць ад зацікаўленасці людзей. Так, калі нехта любіць прыроду, то варта паехаць у Белавежскую пушчу, а дакладней тую яе частку, якая знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы. Цікавымі ёсць Нарвянскі, Бебжанскі і Вегерскі нацыянальныя паркі. І далей даехаць да Сувалак, назіраючы за прыгожымі краявідамі.
Музей малой айчыны ў Студзіводах
Можна вандроўку пачаць наадварот — з поўначы.
«Калі пачаць ад поўначы на поўдзень і ўздоўж мяжы, то можна паглядзець на архітэктуру, асабліва драўляную. Тыя драўляныя дамы вельмі нагадваюць тыя дамы, якія ёсць у Беларусі. Драўляная архітэктура засталася, яна ёсць.
Музей малой айчыны ў Студзіводах
Пры нагодзе наведаць нашы вёскі. Яны не пакінутыя, там жыве шмат людзей. Вядома, насельніцтва мяняецца, і мясцовыя людзі адкрываюць аграсядзібы. У гэтыя вёскі таксама раю паехаць.
Ёсць таксама «Шлях адкрытых вокнаў», куды фармальна ўключаныя тры вёскі — Сацы, Трасцянка і Пухлы з прыгожай архітэктурай. Там таксама знаходзяцца аграсядзібы для тых, хто хоча трапіць у спакойнае і ўтульнае месца побач з прыродай», — кажа Гражына Харытанюк-Міхей.
Гражына Харытанюк-Міхей
Спадарыня Гражына падкрэслівае, што цікавей за ўсё размаўляць з мясцовымі людзьмі, а не толькі глядзець на прыроду і архітэктуру. І таму можа так здарыцца, што ў вёсцы, дзе нібыта нічога цікавага няма, у размовах з людзьмі пройдзе ў вас ці не палова дня.
Чытайце таксама:
На Падляшшы пройдзе фестываль беларускай традыцыі
На польскім Падляшшы з’явіліся турыстычныя буклеты па-беларуску