Самы аддалены паб Брытаніі прапанаваў бясплатнае піва тым, хто туды дойдзе
Каб дабрацца да паба The Old Forge, трэба прайсці пешшу больш за 24 кіламетры.
15.06.2023 / 11:41
Фота: tripadvisor.co.uk
Установа The Old Forge, якую называюць самым аддаленым пабам Вялікабрытаніі, гэтым летам запусціць матывацыйную акцыю для аматараў пешых паходаў.
Як піша The Independent, з 1 ліпеня турыстаў, якія дабяруцца да ўстановы, размешчанай на паўночным беразе возера Лох-Нэвіс у Шатландыі, будуць частаваць бясплатным півам па прыбыцці. Для гэтага ім трэба будзе прайсці 15 міль (24,1 км) па шатландскім нагор'і.
Каб атрымаць запаветны пенны напой, адважным падарожнікам трэба будзе вымавіць слова Wiggle — акцыю арганізаваў аднайменны спартыўны рытэйлер сумесна з мясцовым міні-броварам Knoydart Brewery у рамках рэкламнай кампаніі іх новага піва Trale. Гэты 5,1-працэнтны залаты эль з цытрусавымі ноткамі будзе даступны толькі ў пабе The Old Forge, які гэтым летам зноў адчыняе свае дзверы для гасцей пасля маштабнага рамонту.
У адны рукі можна будзе атрымаць толькі дзве пляшкі гэтага піва. Акцыя будзе дзейнічаць, пакуль не скончацца яго запасы.