У БДТУ зладзілі паказальны суд над двума студэнтамі. Яшчэ 30 чакаюць чаргі
Пра чарговы паказальны суд ва ўніверсітэце расказалі ў сюжэце БТ. Студэнтаў затрымліваў КДБ.
14.06.2023 / 23:38
Так студэнтаў прывезлі на суд. Скрын відэа БТ
14 чэрвеня ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце прайшоў суд над двума студэнтамі — Максімам Міхнічам і Данілам Лук'янавым.
У сюжэце паказалі кадры затрымання аднаго з іх: хлопца прымушаюць выйсці з паднятымі рукамі і стаць на калені. На затрыманне, мяркуючы па кадрах, выехалі чацвёра экіпіраваных сілавікоў, у шлемах і бронекамізэльках (на форме аднаго з іх бачны надпіс «КДБ»).
Затрыманне студэнта. Скрын сюжэта БТ
Студэнтаў судзілі па адміністрацыйным артыкуле 17.10 (Прапаганда ці публічны паказ, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі).
Хлопцы, паводле сюжэта, зігавалі, кідалі адзін аднаму стыкеры з Гітлерам і нацысцкай сімволікай і жарты на тэму ў чаце.
У сюжэце паказалі прыклады таго, што было, як сцвярджаецца, у чаце. Скрын сюжэта БТ
Як «доказ віны» паказалі нават гэту карцінку
Абодвум далі па 15 сутак і канфіскавалі тэлефоны.
«Пра перавод на другі курс давядзецца, мяркуючы па ўсім, забыць. Цяпер сесія — яны не ходзяць. Адлічэнне пагражае аўтаматычна», — кажа прапагандыстка Настасся Бенедзясюк.
Апроч сённяшняга суда, быў яшчэ адзін на мінулым тыдні. У сюжэце кажуць, што збіраюцца асудзіць яшчэ 30 чалавек.