Беларускія сіноптыкі зарэгістравалі глебавую засуху
Белгідрамет паведаміў 13 чэрвеня, што на большай частцы тэрыторыі Беларусі працягваецца неспрыяльная аграметэаралагічная сітуацыя. У глебе пад збожжавымі культурамі запасы прадуктыўнай вільгаці застаюцца нізкімі. Дажджы праходзяць у асноўным у паўднёвай частцы краіны, што не дазваляе палепшыць сітуацыю.
14.06.2023 / 15:58
Па інфармацыі асобных метэастанцый, глебавая засуха дасягнула крытэрыю небяспечнай аграметэаралагічнай з'явы. На найбольш лёгкіх глебах і ўзвышаных участках у збожжавых каласавых культур назіраецца пажаўценне, скручванне і засыханне лісця, месцамі пачалося засыханне раслін.
Сур'ёзны дэфіцыт глебавай вільгаці можа негатыўна адбіцца на фармаванні прадуктыўнасці коласа збожжавых культур, запавольвае рост сцябла лёну, а таксама ён неспрыяльны для адрастання траў пасля ўкосу, як каментуюць сітуацыю сіноптыкі.
Дажджы, якія праходзяць у асноўным у паўднёвай частцы краіны, толькі крыху змякчылі сітуацыю. Аднак на кардынальнае паляпшэнне сіноптыкі пакуль не разлічваюць:
«У найбліжэйшы час у большасці раёнаў краіны захаваюцца складаныя аграметэаралагічныя ўмовы».
Толькі ў другой палове гэтага тыдня на захадзе Беларусі (Гродзенская і Брэсцкая вобласці) чакаюцца больш працяглыя і інтэнсіўныя дажджы.
Май 2023 года стаў у Беларусі самым засушлівым пачынаючы з 1945 года. За месяц у сярэднім па краіне выпала менш за 12 мм ападкаў, гэта ўсяго 19% ад кліматычнай нормы.
Чытайце таксама:
«Мы пачынаем перажываць». Брыло — пра ўраджай гэтага года
Ці чакаць цяпла і дажджоў на наступным тыдні? Прагноз сіноптыкаў