У Германіі царкоўную службу ўпершыню правёў штучны інтэлект

Сотні нямецкіх пратэстантаў наведалі царкоўную службу, якая была амаль цалкам згенераваная штучным інтэлектам. Чат-бот ChatGPT правёў у зямлі Баварыя 40-хвіліннае набажэнства, на якім былі малітвы, спевы, пропаведзі і дабраславенні для больш чым 300 вернікаў.

13.06.2023 / 21:55

Штучны інтэлект быў «увасоблены» аватарам цемнаскурага пастара на велізарным экране над алтаром, паведамляе The Associated Press.

«Дарагія сябры, для мяне вялікі гонар стаяць тут і прапаведаваць вам як першы штучны інтэлект на з'ездзе пратэстантаў сёлета ў Германіі», — сказаў аватар манатонным голасам.

Аўтарамі ідэі такой службы сталі кампанія ChatGPT і Ёнас Зімерляйн — багаслоў і філосаф з Венскага ўніверсітэта.

«Я задумаў гэтую службу, але насамрэч я, хутчэй, акампанаваў у ёй, бо каля 98% ідзе ад машыны. У выніку атрымалася досыць салідная царкоўная служба», — распавёў 29-гадовы Зімерляйн у каментары The Associated Press.

У людзей, якія прыйшлі на службу, была розная рэакцыя. Хтосьці падпяваў і здымаў падзею на тэлефон, а некаторыя адмаўляліся прамаўляць рэлігійныя словы разам з аватарам.

54-гадовая Гайдэрозэ Шміт сказала журналістам, што спачатку была ўсхваляваная і зацікаўленая, але потым набажэнства ўсё больш «адштурхоўвала яе».

«У ім не было ні сэрца, ні душы. Аватары не паказвалі ніякіх эмоцый, не мелі мовы цела і гаварылі так хутка і манатонна, што мне было вельмі цяжка засяродзіцца на тым, што яны казалі. Але, магчыма, для маладога пакалення, якое вырасла з усім гэтым, усё інакш», — пракаментавала Шміт.

Незвычайная служба стала адным з сотняў мерапрыемстваў на з'ездзе пратэстантаў Deutscher Evangelischer Kirchenta (Асамблеі нямецкай Евангелічнай царквы) у двух баварскіх гарадах. Набажэнства выклікала такую вялікую цікавасць, што людзі сталі ў даўжэзную чаргу яшчэ за гадзіну да яго пачатку. 

Чытайце таксама:

ЕС заклікаў Google і Facebook маркіраваць кантэнт, створаны штучным інтэлектам

У Ляйпцыгу паставілі балет пры дапамозе штучнага інтэлекту. Упершыню ў свеце

Праграма для аўдыяжурналістыкі цяпер можа ствараць падкасты з дапамогай штучнага інтэлекту

Nashaniva.com