Птушкары прыязджаюць да сіпа амаль штодня: трагедыя для буслоў, радасць для арнітолагаў

Днямі паведамлялася, што ў Лёзненскі раён завітаў надзвычай рэдкі птушыны госць — белагаловы сіп. Згаладалы, ён узяўся рабаваць гнёзды мясцовых буслоў, кормячыся буслянятамі. Гэта ўсіх, вядома, засмучае, але ўвогуле для беларускіх птушкароў і аматараў фатаграфаваць дзікую прыроду гэты візіт — сапраўдны падарунак, піша «Дзікая прырода побач». 

13.06.2023 / 21:39

Белагаловы сіп. Фота: Юлія Прудоўская

7 чэрвеня Юлія Прудоўская сфатаграфавала незвычайную для нашых мясцін птушку на даху сядзібы ў вёсцы Выхадцы Лёзненскага раёна.

У Беларусі белагаловы сіп адзначаўся ўсяго некалькі разоў, упершыню — амаль стагоддзе таму, у 1924 годзе, у Віцебскім раёне. Адна з апошніх рэгістрацый адбылася таксама на Віцебшчыне — у жніўні 2016 года.

Гэтым разам дзякуючы паведамленню ў Клуб200 сіпа змаглі пабачыць многія птушкары і нават стаць сведкамі мясцовай «драмы»: галодны драпежнік цягам некалькіх дзён паеў буслянят у некалькіх гнёздах у навакольных вёсках. Дарослыя белыя буслы не змаглі абараніць сваіх птушанят.

Белагаловы сіп у буслянцы. Фота: Таццяна Алешка

Белагаловы сіп — вельмі моцная птушка, размах крылаў — амаль тры метры. Звычайна ён харчуецца падлай і не прыстасаваны паляваць на жывую здабычу, але можа забіваць аслабленых жывёл.

Юлія Прудоўская, якая прыехала ў вёску да бацькоў, расказала:

«Для нас гэта было вялікім шокам. Хутчэй за ўсё, птушка ў нас з’явілася яшчэ 6-га чэрвеня, проста мы не надалі значэння. А ў сераду вечарам адна жанчына ішла міма і ўбачыла, як яна сядзіць на гняздзе бусла і раздзірае буслянят.

Вядома, мы запанікавалі, бо буслы для нас — гэта ўсё. Спачатку мы думалі, што гэта арол. На наступны дзень, калі ўбачылі, што ён паляцеў на апошнюю буслянку, мы пачалі біць камянямі па вежы, каб яго адпудзіць, але ён не рэагаваў.

Мы вырашылі апублікаваць гэтую гісторыю, каб, магчыма, знайсці дапамогу.

Так мы даведаліся, што гэта надзвычай рэдкая птушка, якая ў нашых краях увогуле не гняздуе. Цяпер нам яе таксама шкада: хутка наступяць халады, цалкам магчыма, што птушка можа загінуць…»

Белагаловы сіп. Фота: Таццяна Алешка

Вядома, для вяскоўцаў сітуацыя з буслянятамі выглядае трагічна, але для дзікай прыроды нічога трагічнага ў тым, што здарылася, няма: папуляцыі белых буслоў, якая ў нас жыве, сіп не пагражае.

У Беларусі на іх палюе практычна адзін толькі арлан-белахвост, але ён не залятае ў вёскі.

Цяперашнім засушлівым летам і самі буслы рэгулююць колькасць птушанят у вывадку: так, за дзень да прылёту сіпа адна пара скінула з гнязда аднаго з траіх птушанят, бо корму на ўсіх не хапае.

Расказваюць, што жыхары спрабавалі адпудзіць драпежніка стрэламі з драбавіка. Пра тое, што забіваць сіпа нельга, ім ужо расказалі. Усе дзённыя драпежныя птушкі ў Беларусі знаходзяцца пад аховай закона, і грашовае пакаранне за забойства сіпа вельмі істотнае.

Белагаловы сіп у палёце. Фота: Таццяна Алешка

Найбліжэйшы гнездавы арэал белагаловага сіпа — Балканы і Крым. Як птушка апынулася ў Беларусі? Гэты від для палёту выкарыстоўвае тэрмікі — цёплае паветра, разам з якім сіп падымаецца ўверх. А потым дзясяткі кіламетраў можа лунаць у любым кірунку да наступнай плыні цёплага паветра.

Дзякуючы добраму надвор’ю, птушка, лунаючы, праляцела незаўважанай паўднёвую і цэнтральную Беларусь.

Відавочна згаладалы пасля доўгага пералёту, сіп і апусціўся ў адной з вёсак Віцебшчыны. Птушкары прыязджаюць да сіпа амаль штодня, бо невядома, калі адбудзецца наступны візіт.

Чытайце таксама:

У брэсцкага сокала-пустальгі вывеліся першыя птушаняты. За жыццём гэтай сям'і можна сачыць АНЛАЙН

Што рабіць чалавеку, калі яго атакуе варона?

Варта прыглядацца да птушак на палях. Магчыма, атрымаецца зафіксаваць сенсацыю

Nashaniva.com