Мікалай Казлоў выйшаў з інфармацыйнай блакады. Але смерць маці была для яго моцным ударам

Пра гэта «Народнай Волі» паведамілі паплечнікі палітыка, ад якога амаль два месяцы не было ніякіх вестак з калоніі.

13.06.2023 / 13:52

Мікалай Казлоў. Фота: «Наша Ніва»

Экс-старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі быў асуджаны на два з паловай гады калоніі за ўдзел у адным з маршаў пратэсту ў жніўні 2020 года. Пакаранне ён адбывае ў магілёўскай калоніі № 15.

«Калі ад Мікалая амаль два месяцы не прыходзіла ніякай інфармацыі, гэта было трывожна, — распавядаюць паплечнікі палітыка. — Цяпер весткі ад яго прыйшлі. І зыходзячы з іх, можна сказаць так: па мерках таго, дзе ён знаходзіцца, сітуацыя больш-менш нармальная.

Трымаецца ён псіхалагічна і маральна добра, усім перадае прывітанні».

У мінулым месяцы ў Мікалая Казлова памерла маці, але на пахаванне яго не пусцілі.

«Больш за тое — навіну пра смерць маці Мікалаю перадалі з вялікім спазненнем, — дадаюць блізкія палітыка. — Страта роднага чалавека стала для яго вельмі моцным ударам.

Але самае галоўнае, што апошнія два тыдні ад яго пайшла інфармацыя. Мы дакладна не ведаем, чаму да гэтага два месяцы не было ад Мікалая вестак, але такая забарона так проста не здараецца. Або адбываў пакаранне ў ШІЗА, або быў адмысловы загад. Была ж агульная хваля такой інфармацыйнай блакіроўкі палітвязняў. Праўда, Мікалай з гэтай хвалі, як бачым, ужо выйшаў».

Чытайце таксама:

«Я ведаю дакладна, што я буду рэабілітаваны». Моцнае апошняе слова старшыні АГП Мікалая Казлова

Вынесены прысуд Мікалаю Казлову і іншым членам Аб’яднанай грамадзянскай партыі

Nashaniva.com