«Ставіўся да таго, што адбываецца, як да шоу». Хлопец, асуджаны па «справе студэнтаў», распавёў, як вытрымаў зняволенне

Ілья быў адным з асуджаных па «справе студэнтаў». Яго затрымалі, калі яму было 19 гадоў. Да суда ён сядзеў на Валадарцы, пасля — у папраўчай калоніі № 15. Як зняволенне змяніла яго, што дапамагло захаваць сябе за кратамі і па чым сумаваў найбольш? Ілья падзяліўся сваімі думкамі з Politzek Times.

13.06.2023 / 12:44

Як турма мяне змяніла і які досвед атрымаў

Мае погляды відавочна не змяніліся. Вядома, два гады турмы пакінулі след. Я стаў больш жорсткім, менш паказваю эмоцыі. Мне цяпер быццам не дваццаць адзін, а дваццаць пяць гадоў. Я развучыўся дурэць. Вось гэты стан, калі проста выключаеш галаву і дурэеш. У мяне гэты навык знік.

Часта адчуваю сябе занудай. У кампаніі я не магу весяліцца, як раней. Стаў стрыманым. Але мяне ўжо цяжка вывесці з сябе. Набыў загартоўку, ведаю, што годна пражыву стрэсы, якія могуць здарыцца ў будучыні.

У зняволенні я ўбачыў розных людзей, многія з іх выдатныя. Шмат людзей сядзіць па наркатычных артыкулах, немалая частка з іх — маладыя хлопцы, якія проста спрабавалі зарабіць грошай, каб накарміць сябе і сваю сям'ю. У кагосьці бацькі мелі патрэбу ў лячэнні, а сродкаў на лячэнне не было зусім. І за адзін эпізод яны атрымлівалі тэрміны да пятнаццаці гадоў. Яны вызваляцца, калі ім будзе ўжо за трыццаць гадоў, страшна падумаць, што ў іх у выніку будзе ў жыцці.

Аднак беларуская турма не выпраўляе людзей. У нас не працуе правасуддзе, і многія асуджаныя не разумеюць, за што іх пасадзілі. А чалавек не можа выправіцца, калі ён не разумее, за што яго пасадзілі. З турмы ён выйдзе больш узлаваны. У выніку гэта часта прыводзіць да рэцыдываў. У турмах шмат людзей, якія, выходзячы на волю, праз час ізноў траплялі ў калоніі.

Беларуская турма — гэта такі макет той Беларусі, якую яны хочуць пабудаваць. Дзе кожны пад кантролем, жыццё кожнага чалавека пад пільнай увагай, дзе заахвочваюцца даносы адно на аднаго. З поўнай адсутнасцю манеўру, дзе ёсць толькі вузкая каляіна, якую яны самі для цябе выклалі.

На жаль, там бачыш шмат непрыгожых праяў чалавека. Напрыклад, ты добра камунікуеш з чалавекам, разам п'еш гарбату, а потым даведваешся, што ён ходзіць у штаб і распавядае пра твае парушэнні. За гэта могуць адправіць у ШІЗА.

Музей КДБ у Вільні. Умовы ў беларускіх турмах падобныя да гэтых. Фота: «Наша Ніва»

У калоніі я пераканаўся ў магчымасцях свайго цела, у фізічным і ментальным плане, наколькі я вынослівы, колькі магу вытрымаць. Гэта я ўсвядоміў пасля таго, як правёў дзесяць сутак у штрафным ізалятары, калі быў зусім адзін у камеры без усяго, без кніг, без ліста, толькі базавыя сродкі гігіены, і нічога, вытрымаў.

Як вытрымаў зняволенне і ШІЗА

Я ставіўся да таго, што адбываецца, як да шоу. Для мяне платы з дротам, камеры — усё гэта было дэкарацыямі, а міліцыянты, асуджаныя — акцёрамі. Я тое, што адбываецца, не браў да сэрца, прапускаў міма, каб нічога ўва мне не затрымалася. Дзякуючы такой стратэгіі праз два дні пасля вызвалення я адчуваў сябе так, нібы і не быў у турме. Хутка ўліўся ў асяроддзе, таму што да таго асяроддзя я наўмысна не адаптаваўся.

Я не быў дастаткова пільны, за што мне прыляталі дысцыплінарныя пакаранні. То з адзеннем нешта было не так, то выйшаў не ў час, то ў тумбачцы знаходзіліся забароненыя прадметы. Але кожны вырашае за сябе. У мяне тэрмін быў невялікі — год калоніі, і я для сябе вырашыў яго пражыць менавіта з такім стаўленнем.

Яшчэ мне дапамагала самаіронія. Уменне жартаваць з самога сябе дапамагае не зачапіць цябе іншым. Гэта як і знешнія нейкія праявы, так і ўнутранае. Калі з усяго смяяцца, то гэта цябе не траўмуе. Замест таго, каб баяцца, можна смяяцца.

Важна там менш давяраць людзям. Захоўваць межы гэтага даверу, каб не нашкодзіць сабе. Таму што турма — макраарганізм, дзе шмат уплыву на цябе, бо там у замкнёным асяроддзі ўсе адзін ад аднаго нейкім чынам залежаць. Трэба насцярожана ставіцца да людзей, якія там знаходзяцца.

Мая мэта была максімальна захаваць сябе як фізічна, так і ментальна. Ніякіх шкодных звычак. Да турмы я курыў, у калоніі ж даў сабе зарок на курэнне. І не курыў усе два гады. Я стараўся весці актыўны лад жыцця. Займаўся спортам, рабіў практыкаванні, нават калі знаходзіўся ў маленькай камеры.

У ментальным плане самы лепшы лайфхак — чытанне кніг. Часам пісаў песні. Гуляў у шахматы. Ляжаць і заліпаць у столь — дакладна не лепшая стратэгія, таму што ад гэтага час хутчэй не пойдзе.

У ШІЗА ўзровень складанасці павышаецца ў плане вытрымкі і захавання сябе.

Там я займаў сваю галаву.

У ШІЗА я быў пяць разоў. І кожны раз прыдумляў сабе розныя заняткі. Першы раз заняў сябе тым, што лічыў у галаве вялікія лікі. Лічыў, напрыклад, фактарыял з вялікім значэннем, прамежкавыя вынікі запісваў кавалкам тынкоўкі на стале, потым мыў, гэта дапамагала запомніць.

Музей КДБ у Вільні. Умовы ў беларускіх турмах падобныя да гэтых. Фота: «Наша Ніва»

Яшчэ неяк палічыў трохпавярховую ступень тройкі. Калі я вызваліўся, то напісаў бацьку, а ён праверыў на калькулятары, я сапраўды палічыў усё правільна да апошняга знака, а гэта шаснаццацізначная лічба. Даказваў формулы, чыркаючы іх тым жа кавалкам тынкоўкі.

Яшчэ я ўспамінаў чатыры апошнія гады свайго жыцця. Проста пачаў з нейкага моманту, напрыклад, з лета 2018 года. І з гэтага месца паслядоўна ўсе падзеі, гісторыі ўспамінаў у дэталях, аж да дыялогаў. Чым больш дэталяў, тым лепш, тым больш гэта зойме вас. У выніку за дзесяць дзён, праведзеных у ШІЗА, я дайшоў толькі да пачатку 2020 года, яшчэ год застаўся ў запасе на ўспаміны.

Неяк ляпіў з хлеба фігуркі. Спяваў песні. Увогуле, трэба максімальна сябе займаць, калі знаходзішся ў камеры адзін. Шмат каму, хто трапіў у ШІЗА, не ўдаецца захаваць свой розум, чуў, як людзі шалелі, крычалі, білі кулакамі ў сцены.

Па чым больш за ўсё сумаваў, пакуль быў у няволі і як зноў усё здабыць ужо на волі

У зняволенні так шмат чаго не хапае. Але самае важнае — магчымасці самастойна прымаць рашэнні, адказваць за сябе ў бытавым плане.

[На тое], што ў мяне ў галаве, паўплываць немагчыма. Але турэмная адміністрацыя можа паўплываць на тое, як я сплю, як харчуюся, чым мне займацца, з кім мець зносіны, куды хадзіць і іншае. Я не магу самастойна выбраць сабе занятак, распланаваць мой распарадак дня, рабіць тое, што хачу, і тое, што мне важна. У турме рэжым вызначае тое, як жывуць людзі ў зняволенні. І любое адхіленне ад рэжыму ўспрымаецца як дысцыплінарнае парушэнне. Распарадак дня і сну, парадак харчавання, дазволеныя прадметы для захоўвання, форма адзення, стрыжка — усё вызначае рэжым.

Там не хапае музыкі, як у маім плэйлісце, так і магчымасці ёю займацца. Музыку я ствараў сам, напяваючы нешта ціха, часам складаючы новыя мелодыі.

У першыя тыдні пасля вызвалення я атрымліваў велізарнае задавальненне ад таго, што мог гуляць па Мінску ў любым кірунку, у любым адзенні, з любым чалавекам.

Гэта вялікае задавальненне — мець магчымасць ісці, куды хочаш. На волі наогул дурэеш ад усяго: ад ліхтарных слупоў уздоўж дарогі, ад дрэў, ад людзей, ад прыгожых дзяўчат (у калоніі дзяўчат няма, не лічачы работніцы ў медчасці і прадаўшчыцы ў краме, памерам з аўтобус).

Яшчэ ў першы тыдзень на волі я паехаў на лецішча з мамай і там пайшоў гуляць па снежным лесе адзін, і гэта было неверагоднае адчуванне.

Чаго хочацца ў будучыні

Хачу кампенсаваць гэтыя два гады, якія ў мяне забралі. Развівацца ў прафесійным плане (падабаецца архітэктура), рэалізавацца, пабудаваць сябе як суб'екта грамадска-эканамічнага жыцця. Правесці больш часу з сябрамі.

У доўгатэрміновай перспектыве стаць асобай, назапасіць асабісты капітал, каб я мог яго задзейнічаць у Беларусі. Я хачу прынесці карысць сваёй краіне. Абавязкова вярнуся ў Беларусь, калі гэта ўсё скончыцца. Але пакуль што даводзіцца атрымліваць досвед за яе межамі.

Nashaniva.com