Былыя палітвязні ствараюць уласную арганізацыю за мяжой

У Польшчы ствараецца арганізацыя, якая аб’яднае былых беларускіх палітвязняў. Пра гэта падчас дыскусіі «Палітзняволеныя ў Беларусі для сусвету, праваабаронцаў і СМІ», якая адбылася 11 чэрвеня ў прасторы «Пад жырандоляй» у Варшаве, заявіў былы палітычны зняволены Аляксандр Кабанаў.

13.06.2023 / 06:49

На здымку — блогер і былы палітвязень Аляксандр Кабанаў, праваабаронца з ініцыятывы Politzek.me Іна Кавалёнак і журналіст «Белсата» і радыё «Унэт» Раман Усцінаў. Фота: «Белсат»

«Сёння ўжо магу паведаміць у якасці афіцыйнай інфармацыі, што будзе новая арганізацыя былых палітзняволеных. Вядзецца праца над тым, каб яна была афіцыйна зарэгістраваная», — сказаў Аляксандр Кабанаў.

Як удакладніў «Белсату» сябра ініцыятыўнай групы стварэння арганізацыі, былы палітзняволены Алег Кулеша, засноўвае яе суполка былых палітвязняў у замежжы, якая налічвае больш за 70 чалавек і якая «з кожным днём павялічваецца».

Кулеша мяркуе, што новае грамадскае абʼяднанне будзе афіцыйна зарэгістравана ўжо ў ліпені. Цяпер удзельнікі суполкі абмяркоўваюць, як дакладна будзе называцца новая арганізацыя. У размове Алег Кулеша называе яе Асацыяцыяй былых палітвязняў.

«Нашая мэта — дапамога палітвязням. Не кажу «былым», бо палітвязень — гэта назаўжды. Людзі, якія прайшлі праз катаванні, разумеюць, што ніхто лепей не будзе нас бараніць, як мы самі сябе. Маем разуменне, што трэба рабіць і як трэба рабіць, бо самі праз усё гэта прайшлі», — кажа Алег Кулеша.

У аргкамітэт уваходзіць прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінета па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова, якая ў свой час і ініцыявала стварэнне суполкі былых палітвязняў.

Чытайце таксама:

У Гомелі 22-гадовага хлопца судзяць за «тэрарызм»

У Беларусі 15 новых палітвязняў

Палітвязня Уладзіміра Гундара раптоўна этапавалі ў калонію

Nashaniva.com