Міжнародная арганізацыя працы падтрымала рэзалюцыю аб пераглядзе адносін з Беларуссю
Міжнародная арганізацыя працы падтрымала рэзалюцыю аб прымяненні ў дачыненні да Беларусі артыкула 33 статута арганізацыі. Рашэнне было прынята на 111-й Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе.
12.06.2023 / 23:04
Будынак у Жэневе, у якім месціцца офіс Міжнароднай арганізацыі працы. Фота: Wikimedia Commons
«За» рэзалюцыю прагаласаваў 301 чалавек, «супраць» — 54, 108 чалавек устрымаліся.
Артыкул 33 статута МАП абвяшчае: «У выпадку, калі які-небудзь член арганізацыі не выканае ва ўстаноўлены тэрмін рэкамендацыі, калі такія маюцца, што змяшчаюцца ў дакладзе Камісіі па расследаваннях або ў рашэнні Міжнароднага суда, Адміністрацыйная рада можа рэкамендаваць канферэнцыі такія дзеянні, якія яна палічыць мэтазгоднымі для забеспячэння выканання гэтых рэкамендацый».
Рэзалюцыя прапануе ўдзельнікам МАП перагледзець свае адносіны з урадам Беларусі.
Міжнародная арганізацыя працы (МАП) — спецыялізаваная ўстанова ААН, міжнародная арганізацыя, якая займаецца пытаннямі рэгулявання працоўных адносін. На сённяшні дзень удзельнікамі МАП з'яўляецца 187 дзяржаў.
Прынятае рашэнне можа мець вынікам падтрымку з боку МАП выключных эканамічных санкцый за невыкананне рэкамендацый. Сярод іншага гэта тэарэтычна можа выліцца ў блакаванне любога экспарту і фактычнага ўстанаўлення эканамічнай блакады ў дачыненні да краіны, якая парушае правы работнікаў.
Як і любая іншая міжнародная арганізацыя, тым больш пад эгідай ААН, МАП зусім не схільная да прынцыповых і рашучых дзеянняў адносна дыктатарскіх рэжымаў і нават у самых безнадзейных выпадках спрабуе шукаць кампрамісы і ісці на саступкі. Для прыняцця такой рэзалюцыі трэба пераступіць пэўныя чырвоныя лініі. У выпадку беларускага рэжыму такімі стала расправа над незалежнымі прафсаюзамі, якія цяпер у Беларусі фактычна ліквідаваныя, а іх лідары атрымалі вялікія турэмныя тэрміны, нягледзячы нават на сваю дастаткова памяркоўную пазіцыю ва ўмовах палітычнага крызісу ў краіне.
Чытайце таксама:
Прафсаюзы свету заклікалі ўвесці поўную эканамічную блакаду лукашэнкаўскага рэжыму
Мяжа закрываецца: да чаго Лукашэнка рыхтуе Беларусь?
Галоўчанка: Кожны дзень перад намі ставяць новыя выклікі, якія патрабуюць нетрывіяльных рашэнняў