Рэжым Лукашэнкі спрабаваў даць агнястрэльную зброю нелегальным мігрантам для нападу на памежнікаў ЕС — Памежная служба Латвіі

Па інфармацыі кіраўніка Памежнай службы Латвіі, у ведамства ёсць доказы спроб беларускага боку ўзброіць нелегальных мігрантаў для правакацыі боесутыкненняў на мяжы з краінамі Еўрасаюза.

12.06.2023 / 16:59

Фота ілюстрацыйнае

Рэжым Лукашэнкі некалькі разоў прапаноўваў нелегальным мігрантам агнястрэльную зброю для паспяховага праходжання меж ЕС. Пра гэта паведаміла агенцтва LSM са спасылкай на кіраўніка Памежнай службы Латвіі Гунціса Пуяца.

Паводле яго слоў, беларускі бок у канцы мінулага года прапаноўваў агнястрэльную зброю мігрантам для нападу на латвійскіх памежнікаў, аднак тыя ад такой прапановы адмовіліся. 

У дадатак да гэтага, па інфармацыі Пуяца, у той перыяд былі выпадкі, калі беларускія памежнікі каля мяжы Латвіі хадзілі з кулямётамі і снайперскімі вінтоўкамі, што ёсць нетыповым узбраеннем для памежнікаў.

«Беларускі рэжым інструктаваў мігрантаў, як змагацца з латвійскімі пагранічнікамі ў выпадку ўзнікнення цяжкасцей пры перасячэнні мяжы. У канцы мінулага года былі зафіксаваны інцыдэнты, калі беларускія памежнікі нават прапаноўвалі мігрантам агнястрэльную зброю. Тыя ў выніку адмаўляліся, аднак гэта магло перарасці ў сапраўдныя перастрэлкі на мяжы», — распавёў кіраўнік Памежнай службы Латвіі Гунціс Пуяц агенцтву LSM.

Паводле актуальных ацэнак ведамства, сёлета ў Латвію з Беларусі не змагло ўехаць 3793 нелегальныя мігранты і толькі 187 чалавек былі дапушчаныя з гуманітарных меркаванняў. У мінулым годзе нелегальных спроб было 5286.

Нагадаем, што краіны ЕС занепакоеныя магчымым паўтарэннем мігранцкага крызісу ў момант правядзення саміту НАТА ў Вільні ў ліпені гэтага года. Беларусь і Расія могуць выкарыстаць яго для ціску ці ўвогуле для зрыву мерапрыемства.

Чытайце таксама:

На латвійскай мяжы з боку Беларусі адбыўся пажар, падазраюць мігрантаў

Хто мог зарабіць мільёны на міграцыйным крызісе на мяжы Беларусі і ЕС?

Мяжа закрываецца: да чаго Лукашэнка рыхтуе Беларусь?

Марк Рыхтэр