У Белавежскай пушчы абмералі дуб-волат, за 20 гадоў ён значна падрос

Падчас палявых батанічных даследаванняў у запаведнай зоне на тэрыторыі Язвінскага лясніцтва супрацоўнікі навуковага аддзела Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» выйшлі на дуб-волат з ледзь прыкметнай лічбай-нумарам. Дрэва вымералі, атрымалася 629 см у акружнасці, што ў дыяметры складае роўна 2 метры. Заставалася параўнаць цяперашнія памеры з зафіксаванымі раней.

10.06.2023 / 18:56

Пасля вяртання з экспедыцыі даследчыкі ўдакладнілі, што ў ахопе ствол гэтага волата ў 1960 годзе складаў 550 см (175 см у дыяметры), а ў 2004 — каля 600 см (больш за 190 см). Гэта значыць, за апошнія 20 гадоў дуб дадаў каля 10 см у дыяметры.

Па таўшчыні гэты дуб не саступае турыстычнай славутасці пушчы — дубу-патрыярху, а па вышыні значна яго пераўзыходзіць — амаль на 40 метраў.

Крытэрыем, па якім вылучаюцца дрэвы-волаты ў Белавежскай пушчы, з'яўляецца дыяметр ствала, вымераны на вышыні 1,3 метра.

Для дуба і хвоі памежным паказчыкам, пасля якога прысвойваюць ганаровае званне «волат», з'яўляецца дыяметр ствала больш за 100 сантыметраў. Для астатніх дрэў: ліпы, ясеня, елкі, клёна, асіны, вяза і алешыны — больш за 80 см.

Дрэвы, якія растуць у лесе, пры такім жа самым узросце маюць значна меншы дыяметр у параўнанні з тымі, што выраслі на адкрытай тэрыторыі.

Цяпер у Белавежскай пушчы налічваецца каля тысячы дрэў-волатаў і па гэтым паказчыку гэты лес не мае сабе роўных у Еўропе. У Белавежскай пушчы ёсць дрэвы-волаты, якія з'явіліся на свет яшчэ да адкрыцця Амерыкі.

Навукоўцы даўно займаюцца вымярэннем дрэваў у пушчы. У міжваенны перыяд польскія ўлады ўносілі буйныя дрэвы Белавежскай пушчы ў спіс помнікаў прыроды, якія ахоўваліся як асобныя аб'екты.

У пасляваенны перыяд на беларускай частцы Белавежскай пушчы разам з пачаткам навуковых даследаванняў сталі займацца таксама вымярэннем і рэгістрацыяй дрэў-волатаў. У 1950—1970-я гады гэтым займаліся навуковыя супрацоўнікі Яўген Рамлаў і Мікалай Смірноў. Пазней, у 1980—1990-я гады, гэтым займаўся Аляксандр Стралкоў, а ў пачатку 2000-х — Дзмітрый Бярнацкі.

Дзякуючы назапашанай інфармацыі навукоўцы маюць магчымасць адсачыць дынаміку росту дрэў-волатаў.

Чытайце таксама:

Даследчыкі расказалі, як не даць пажарам знішчыць дзікую прыроду Палесся

Мінпрыроды ваюе з агароджай у Белавежскай пушчы. Чыноўнікі накіравалі зварот у Камітэт Канвенцыі Эспа

У Бярэзінскім біясферным запаведніку знайшлі фіялку, якая раней там не сустракалася

Nashaniva.com