Сафія Сапега знаходзіцца зараз у Тайландзе
«Дачцэ трэба перадышка. Яна спіць», — кажа яе бацька.
10.06.2023 / 15:05
Момант вызвалення Сафіі 7 чэрвеня 2023 года. Яе забраў губернатар Прымор'я Алег Кажамяка. Фота: БелТА
Сафія Сапега, памілаваная днямі Лукашэнкам, знаходзіцца ў Тайландзе з бацькам.
«Мы з Алегам Мікалаевічам (губернатар Прымор'я. — «НН») дамовіліся, што нам патрэбна перадышка. Дачка цяпер спіць», — сказаў бацька Сафіі Андрэй, паведамляе «PrimeMedia. Прымор'е».
Выданне зазначае, што ключавую ролю ў вызваленні дзяўчыны сыграў Жан Кузняцоў.
«Не таму, што ён мяне папрасіў ці я хачу раскланяцца перад ім. Проста гэта факт, і трэба аддаць належнае Алегу Мікалаевічу Кажамяку.
Правадніком паміж намі выступіў Жан Анзор'евіч Кузняцоў — міністр спорту Прыморскага краю, мой самы блізкі сябар і хросны бацька Сафіі. Менавіта ён арганізаваў нашу сустрэчу», — распавёў бацька Сафіі Андрэй Сапега.
«Мы сустрэліся ў аэрапорце і гаварылі ўсяго 5—10 хвілін, але да таго моманту Алег Мікалаевіч [Кажамяка] ўжо паспеў звязацца з Аляксандрам Рыгоравічам. Ён вельмі цёпла адрэагаваў на мой зварот, паставіўся па-чалавечы. Сказаў: «Мне ўсё зразумела, мяне гэтая сітуацыя кранула. Я дапамагу». І на гэтым усё. Потым мы практычна не размаўлялі асабіста. Але я атрымаў інфармацыю па сваіх каналах, у тым ліку ад прэс-сакратара Аляксандра Рыгоравіча. Яна распавядала, што пры кожным зручным выпадку Алег Мікалаевіч спрабуе вырашыць гэтае пытанне. І гэта давала надзею. Хоць, вядома, мы распачалі і іншыя дзеянні, спрабавалі самі прасіць аб памілаванні. Я памятаю некалькі момантаў, калі гаварылася, што Сафія яго атрымае, бо было відавочна, што ва ўсёй гэтай сітуацыі яна… (…)
Яна проста не паспела «саскочыць» з гэтага ў нашым выпадку самалёта, хоць я на гэтым настойваў спецыяльна, калі даведаўся пра яе знаёмства з Пратасевічам. Я адразу сказаў, што знаёмства таксічнае і да добрага не прывядзе. Калі дачка збіралася ў Грэцыю, я не ведаў, што ў гэтую паездку яны ляцяць разам. Сафія казала, што нарэшце з ім разышлася. Тое, што гэта няпраўда, высветлілася з публікацыі пра пасадку самалёта. Вядома, для мяне гэта быў шок», — распавёў бацька.
***
Нагадаем, што памілаваную Аляксандрам Лукашэнкам Сафію Сапегу перадалі 7 чэрвеня з папраўчай калоніі ў Гомелі дэлегацыі Прыморскага краю, якую ўзначальваў губернатар Алег Кажамяка.
Сафія Сапега разам з Раманам Пратасевічам былі затрыманыя 23 мая 2021 года ў выніку прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair рэйсам Афіны — Вільня.
6 мая 2022 года Сапегу асудзілі да шасці гадоў калоніі. Суд прызнаў яе вінаватай у распальванні сацыяльнай варожасці, зліве даных сілавікоў (справа «Чорнай кнігі Беларусі»). Год яна правяла ў гомельскай калоніі, дзе падвяргалася ціску.
Раман Пратасевіч быў асуджаны 3 мая 2023 года на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па справе Nexta. 22 мая ён быў памілаваны.
Чытайце таксама:
Сафія Сапега пра адносіны з Пратасевічам: Я б не назвала гэта каханнем
Пратасевіч прыйшоў на інтэрв'ю на канал Салаўёва. У яго спыталі, ці забіў бы ён Пуцілу
Пратасевіч даў паказанні на Сафію Сапегу — «База»
«Шалёна ўдзячны краіне і асабіста прэзідэнту». Раман Пратасевіч памілаваны