Беларус выйграў чэмпіянат Венгрыі па гандболе. Прычым стаў галоўнай зоркай у вырашальным матчы

Беларускі гандбаліст Мікіта Вайлупаў у складзе «Веспрэма» стаў чэмпіёнам Венгрыі. У фінальнай серыі яго каманда перайграла «Пік» (31:27, лік у серыі — 2:1).

10.06.2023 / 08:40

Мікіта Вайлупаў. Фота: прэс-служба «Веспрэма»

Да перапынку «Пік» вёў у ліку, а ў пачатку другога тайма адарваўся на чатыры мячы (16:12). «Веспрэм» выглядаў дэмаралізаваным, але, як аказалася, гэта ўражанне было зманлівым. «Пік» неяк хутка панік, і ініцыятыва перайшла да гасцей, у шэрагах якіх працягнуў саліраваць настырны Вайлупаў.

Менавіта беларус зраўняў лік (17:17) і на гэтым не спыніўся, стаўшы ў выніку найлепшым бамбардзірам матча з 9 галамі. Прычым толькі аднойчы Мікіта вызначыўся з пенальці.

У першым венгерскім сезоне ён заваяваў з «Веспрэмам» два трафеі — быў яшчэ і Кубак краіны, піша сайт «Хуткі цэнтр».

Фота: прэс-служба «Веспрэма»

«Веспрэм» выйграў чэмпіянат 27-ы раз у гісторыі.

Адзначым, што ў першы дзень поўнамаштабнага нападу Расіі на Украіну 24 лютага 2022 года Мікіта заклікаў спыніць вайну. 

«Усе краіны адзіныя. У нас адна мова і адна агульная гісторыя. Спыніце вайну! Вайна — гэта заўсёды слёзы, страты і смерці. Беражыце сябе! — напісаў тады Вайлупаў.

Nashaniva.com