Уладзіміру Пракапцову, які 25 гадоў кіраваў Нацыянальным мастацкім музеем, не працягнулі кантракт

Афіцыйнай нагодай адыходу Уладзіміра Пракапцова з пасады дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі лічыцца ўзрост, але сапраўдная прычына можа быць іншая.

09.06.2023 / 14:58

Фота: БНТУ

Як паведаміў Reform.by, на наступным тыдні Уладзімір Пракапцоў будзе дапрацоўваць свае апошнія дні на пасадзе дырэктара. «Наша Ніва» са сваіх крыніц таксама атрымала інфармацыю, што дырэктару не збіраюцца працягваць кантракт.

Фармальна яму не працягваюць кантракт пасля 25 гадоў кіравання музеем праз узрост: у жніўні Уладзімір Пракапцоў будзе адзначаць свой 70-гадовы юбілей.

Але, як абмяркоўваюць у музейных колах, зняцце з пасады дырэктара музея можа быць звязана з даўнім паклёпам прапагандыстаў на музейнікаў. 

У канцы 2022 года, дзень у дзень з адкрыццём новага корпуса музея, прапагандысты сталі паліваць супрацоўнікаў брудам і вінаваціць у карупцыі. Зачапіліся за тое, што ў 2021 годзе музей купіў у мастака Уладзіміра Царыковіча, мужа мастацтвазнаўцы Кацярыны Ізафатавай, карціну «Крык». Пры гэтым карціну куплялі па ўсіх правілах. Сапраўднай прычынай нападак можна лічыць недастатковую лаяльнасць да ўлады, бо ў канале прапаганды выставілі фота часткі калектыву, якая выйшла супраць гвалту на прыступкі музея ў 2020-м, а таксама скрыншоты пэўных публікацый у сацсетках.

Пасля гэтага з музея звольнілі 11 чалавек (па ўдакладненых даных), якія прысутнічалі на здымку, апублікаваным на прапагандысцкім канале. Пракапцоў не змог іх адстаяць. Сярод звольненых былі намесніца дырэктара па навуковай і асветніцкай працы Святлана Анейка, кіраўніца аддзела беларускага мастацтва ХХ — ХХІ стагоддзяў Кацярына Ізафатава, намеснік дырэктара па агульных пытаннях і рэстаўрацыі Сяргей Вечар. 

Раней, у 2020-м годзе, Пракапцоў спрабаваў замяць сітуацыю з дзёрзкім вершам вядомага мастацтвазнаўца Мікіты Моніча, пасля чаго той вырашыў за лепшае звольніцца з музея. Пазней з музея звольнілі і яго маці.

«Зрабіў шмат памылак і крыўдаў супрацоўнікам, але, напэўна, больш — дабра», — такую характарыстыку даюць дырэктару, адзначаючы, што ён намагаўся захаваць музей і абараніць свой калектыў, чаго яму, відаць, урэшце не даравалі.

Уладзімір Пракапцоў нарадзіўся ў 1953 годзе на Палессі, у вёсцы Жгуна-Буда. Яго родны Добрушскі раён знаходзіцца на мяжы з Расіяй і Украінай. Скончыў у 1975 годзе мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава, пазней — аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР, атрымаўшы ў 1984 годзе акадэмічную ступень кандыдата мастацтвазнаўства.

Уладзімір Пракапцоў праводзіць у 2010 годзе экскурсію па музеі тагачаснаму міністру культуры Паўлу Латушку і Аляксандру Лукашэнку. Фота: БелТА

З 20 сакавіка 1998 года нязменна займаў пасаду генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея, змяніўшы на ёй памерлага ўлетку 1997 года Юрыя Карачуна. Як прызнаваўся сам Пракапцоў, ён тройчы адмаўляўся ад адказнай пасады, таму што да таго не меў аніякага досведу ў музейнай справе. 

Новы корпус музейнага квартала, адкрыты ў канцы 2021 года. Фота: БелТА

Тым не менш, на думку спецыялістаў, якія добра ведалі Пракапцова, ён сапраўды гарэў музеем. Яму ставіцца ў заслугу пашырэнне музея праз будаўніцтва новых карпусоў і стварэнне музейнага квартала, якое расцягнулася на дзесяцігоддзі. Першы новы корпус, за галоўным будынкам музея, быў адчынены яшчэ ў 2007 годзе, наступны крок да стварэння музейнага квартала быў зроблены ў канцы 2021 года, калі быў адчынены выставачны корпус па вуліцы Карла Маркса, 25, а ў доме па вуліцы Кірава, 25 размясціліся рэстаўрацыйныя майстэрні, навуковая бібліятэка і фондасховішча.

Планавалася таксама рэканструкцыя гістарычнага корпуса музея і будынка ягонай дырэкцыі (раней тут размяшчаўся інстытут «Белпрампраект»), размешчаных па вуліцы Леніна. 

Уладзімір Пракапцоў з міністрам культуры Маркевічам і супрацоўнікамі музея на адкрыцці новага корпуса па вуліцы Карла Маркса ў снежні 2021 года. Некаторых супрацоўнікаў музея за месяц да таго прапагандысты заклікалі «выкарчоўваць». Фота: БелТА

Невядома, што зараз чакае цэнтр мастацкага жыцця краіны. Мяркуючы па ўсім, можна чакаць прызначэння на пасаду дырэктара каго-небудзь кшталту адыёзнага прапагандыста Вадзіма Гігіна, які нядаўна быў пастаўлены кіраваць Нацыянальнай бібліятэкай, таго, хто не пагрэбуе давесці да канца справу выкаранення любога вальнадумства і мастацкай свабоды на Беларусі.

Ф. Раўбіч