«Пачыналі зімой, а трапілі ў візавы цэнтр толькі ў маі». Дзе танней атрымаць візу ў Еўропу? 

Спыталі беларусаў, што нядаўна рабілі візы, як цяпер з атрыманнем візы ў ЕС.

12.06.2023 / 12:54

Атрымалі італьянскую візу без пасярэднікаў

Чытачы, якія самастойна спрабавалі зрабіць італьянскую турыстычную візу, распавядаюць, што пачыналі лавіць дату падачы ў візавым цэнтры яшчэ ўзімку, але падацца на візу змаглі толькі ў сярэдзіне мая.

«Запісацца на даты, што зʼяўляліся на сайце, не ўдавалася. Пасля пэўнага часу мы пачалі дасылаць лісты на электронную пошту. Нам адказалі, што можна будзе падаць дакументы ў сярэдзіне мая», — кажа чытач.

Урэшце беларусы забраніравалі візіт, але запісацца на падачу атрымалася толькі ў VIP-залу, праз што выдаткі на чатырох чалавек (двое дарослых і двое дзяцей) склалі каля 1200 рублёў.

У выніку ўся сямʼя атрымала візы на два гады. Візу на такі вялікі тэрмін ім выдалі з той прычыны, што раней яны ўжо мелі гадавыя італьянскія турыстычныя візы.

Грэцкая турыстычная віза праз агенцтва

Іншыя чытачы ў красавіку рабілі грэцкія шматразовыя візы на канкрэтныя даты.

«Рабілі ўсё праз агенцтва, якое за свае паслугі ўзяло па 250 рублёў з чалавека. За гэтыя грошы падрыхтавалі неабходны пакет дакументаў, анкету і зарэгістравалі на падачу. Да 250 рублёў трэба дадаць кошт страхоўкі», — кажа чытачка.

Выдаткі ў візавым цэнтры склалі яшчэ каля 60 еўра на чалавека. Гэта консульскі збор і ўзнагарода візаваму цэнтру.

Францыя, Венгрыя, Іспанія

Апроч вышэй апісаных краін, турыстычныя візы грамадзянам Беларусі выдае Францыя, Венгрыя і Іспанія. Праўда, падаць дакументы на іспанскую візу ў Беларусі нельга, таму давядзецца ехаць у Маскву. Больш за тое, атрымаць візу ў гэтыя краіны да канца лета ўжо наўрад ці ўдасца. 

Што тычыцца выдаткаў, то пасярэдніцкія паслугі для атрымання іспанскай візы абыдуцца прыблізна ў 600 рублёў на чалавека. У гэтую суму ўваходзіць праезд з Мінска ў Маскву і назад, запіс на падачу, анкета і бронь гатэля / авіябілетаў без іх аплаты.

За магчымасць атрымаць венгерскую візу давядзецца выкласці 900 рублёў за пасярэдніцкія паслугі.

Кошт пасярэдніцкіх паслуг для атрымання французскай турыстычнай візы — каля 600 еўра.

Польшча — усё, апроч турызму

Польшча турыстычных віз беларусам не выдае, але выдае шэраг іншых тыпаў віз.

Самыя папулярныя польскія візы, якія атрымліваюць беларусы, — працоўная і гасцявая.

Адна з нашых чытачак распавяла, што працоўная віза «пад ключ» абышлася ёй у 1000 рублёў. У гэтую суму ўвайшлі ліпавыя запрашэнне на працу і працоўная дамова, а таксама рэгістрацыя на падачу і выдаткі, звязаныя непасрэдна з падачай на візу.

«Гэта быў самы просты і хуткі спосаб атрымаць візу. Ад сустрэчы з пасярэднікам да атрымання візы прайшоў месяц і некалькі дзён. Усе іншыя варыянты былі больш дарагія або працяглыя па часе», — дзеліцца чытачка.

Польская віза на 2—3 гады

Апроч працоўных віз, пасярэднікі дапамагаюць рабіць польскія дзелавыя візы. Падрыхтаваць пакет неабходных для падачы дакументаў пасярэднікі гатовыя за 400—500 даляраў. Прасцей за ўсё гэты тып візы могуць зрабіць тыя беларусы, хто мае дзейнае ІП або фірму.

Тыя, хто ўжо раней меў дзелавую польскую візу, могуць разлічваць на новую тэрмінам да пяці гадоў, што даволі рэдкая зʼява. Але беларусы, якія сапраўды займаюцца бізнэсам і маюць дзелавыя стасункі з польскім бізнэсам, кажуць, што звычайна другі раз ім адкрываюць дзелавыя візы тэрмінам на два-тры гады.

Доўгатэрміновая віза без ліпавых дакументаў

Гасцявая віза ў Польшчу таксама даволі папулярная. Для яе атрымання дастаткова мець запрашэнне адпаведнай формы. Запрашаць гасцей у Польшчу могуць не толькі грамадзяне Польшчы, але і іншаземцы з пастаянным дазволам на жыхарства (Karta Stałego Pobytu). Само запрашэнне робіцца цягам месяца. Плюс патрэбны час, каб пераправіць яго ў Беларусь, пасля чаго можна запісвацца на падачу. Таму гасцявую візу можна атрымаць прыблізна праз два месяцы пасля запуску працэдуры.

Для тых, хто не мае знаёмых ці сваякоў, якія гатовыя запрасіць іх да сабе ў Польшчу, ёсць пасярэднікі, якія за 300—400 даляраў гатовыя дапамагчы ў рашэнні гэтага пытання. З выдаткамі на запіс і іншымі зборамі ў візавым цэнтры такая віза абыходзіцца прыблізна ў 500 даляраў.

Дорага, але, у адрозненне ад больш таннай і хуткай па часе працоўнай візы, гасцявая, атрыманая нават з дапамогай пасярэднікаў, будзе больш бяспечнай і камфортнай. З такой візай вам не трэба будзе даказваць памежнікам, чаму і навошта вы едзеце за мяжу. Ды і атрымаць наступную візу будзе проста, бо вы не парушаеце ўмоў яе выдачы. Чаго нельга казаць пра тых, хто робіць працоўныя візы дзеля таго, каб падарожнічаць і ездзіць па тавары. 

Чытайце таксама:

Страхоўкі для ўезду ў ЕС істотна падаражэлі, а набыць іх па-ранейшаму складана. Новыя цэны і нюансы

Nashaniva.com