ЗША абвесцяць пра новы пакет вайсковай дапамогі для Украіны на $2 мільярды
Ужо ў гэтую пятніцу Пентагон абвесціць пра доўгатэрміновы пакет узбраенняў для Украіны, які будзе ўключаць боепрыпасы для супрацьпаветранай абароны, на суму больш за 2 мільярды даляраў.
09.06.2023 / 06:50
Фота: president.gov.ua
Праграма дапамогі ЗША распрацаваная для доўгатэрміновых патрэб Украіны ў абароне. У яе ўвойдуць ракетныя комплексы кампаній Raytheon і Lockheed Martin.
Cродкі, якія будуць выдзеленыя ў рамках ініцыятывы садзейнічання бяспецы Украіны (USAI), пойдуць на куплю ракетных пускавых установак і ракет Hawk, а таксама двух тыпаў сучасных ракет СПА Patriot, піша УНІАН са спасылкай на Bloomberg.
Адзін з іх — Patriot Advanced Capability Missile-3 (Pac-3) вытворчасці Lockheed Martin. Іншы называецца Guidance Enhanced Missile (Game) кампаніі Raytheon Technologies. Сцвярджаецца, што GET «забяспечвае палепшаную здольнасць знішчаць тактычныя балістычныя ракеты, крылатыя ракеты або самалёты праціўніка ў дадатак да ракеты РАС-3».
Ініцыятыва USAI будзе грунтавацца на папярэдніх намаганнях па аказанні дапамогі ўкраінскай сістэме СПА ў барацьбе з расійскім уварваннем. Як адзначае Bloomberg, праграма прадугледжвае кантракты з тэрмінамі пастаўкі праз некалькі месяцаў ці нават гадоў, каб задаволіць доўгатэрміновыя патрэбы краіны ў галіне бяспекі, а не для неадкладнага выкарыстання на полі бою.
Выданне нагадвае, што ЗША абвясцілі ў лістападзе мінулага года, што яны будуць пастаўляць сістэмы Hawk з уласных запасаў, але яны павінны былі быць адрамантаваныя за кошт сродкаў USAI.
«Супрацьпаветраная абарона была галоўным прыярытэтам для Украіны, каб супрацьстаяць нядаўнім абстрэлам крылатымі і балістычнымі ракетамі паветранага і наземнага базавання гарадоў, а таксама забяспечыць прыкрыццё ад расійскіх самалётаў падчас доўгачаканага контрнаступу», — піша Bloomberg.
Чытайце таксама:
Зяленскі: На чале Расіі стаяць нелюдзі, і гэта сёння найбольшая катастрофа для планеты
Пентагон палічыў кошт вайсковай дапамогі Украіне. Яе пераацанілі на 3 мільярды
Украінскія вайскоўцы пачалі навучанне ў Нямеччыне на танках Abrams — Пентагон