Самка кракадзіла зацяжарыла без партнёра. Гэта першы вядомы выпадак
Першы выпадак самаапладнення самкі кракадзіла быў зафіксаваны навукоўцамі ў заапарку Коста-Рыкі. Генетычны код кракадзіляняці на 99,9% супадаў з кодам яго маці.
07.06.2023 / 20:01
Са слоў навукоўцаў, «беззаганнае зачацце» можа быць цалкам распаўсюджанай з'явай у кракадзілаў. Фота Joe Wasilewski
У самім феномене «беззаганнага зачацця» няма нічога новага, такое сустракаецца ў розных відаў птушак, рэптылій і рыб, аднак выпадак з кракадзілам — першы. І гэта, на думку навукоўцаў, можа сведчыць аб тым, што такая здольнасць, як партэнагенез, магла быць атрыманая ў спадчыну ад старажытных продкаў, у гэтым выпадку — дыназаўраў, якія таксама маглі размнажацца такім спосабам, піша Бі-бі-сі.
У гэтым жа разе яйка было адкладзенае ў студзені 2018 года 18-гадовай самкай вастрарылага кракадзіла (раней гэты від памылкова называлі вастрамордым алігатарам) у заапарку Парк Рэптыліяна. Плод у яйку цалкам сфармаваўся, але быў мёртванароджаным, таму так і не вылупіўся.
Самка трапіла ў заапарк ва ўзросце двух гадоў, і яе ўвесь гэты час утрымлівалі асобна ад самцоў. Таму, выявіўшы яйка, супрацоўнікі заапарка паведамілі пра гэта ў Політэхнічны ўніверсітэт Вірджыніі, дзе маецца аддзел, які спецыялізуецца на партэнагенезе.
Аналіз праведзены навукоўцамі ўніверсітэта, пацвердзіў, што плод генетычна практычна цалкам ідэнтычны маці, то-бок з'явіўся без удзелу бацькі.
На думку даследчыкаў, праца якіх апублікаваная ў часопісе Лонданскага Каралеўскага таварыства Biology Letters, «беззаганнае зачацце» ў кракадзілаў можа быць вельмі распаўсюджанай з'явай, на якое раней проста не звярталі ўвагі, бо не чакалі яго.
«Бывае, што рэптыліі, якія знаходзяцца ў няволі, у адсутнасць самцоў адкладаюць яйкі, але такія яйкі заўсёды лічыліся нежыццяздольнымі, і ад іх пазбаўляліся, — пішуць навукоўцы. — Аднак у святле новага адкрыцця такія яйкі, адкладзеныя без удзелу самца, варта разглядаць як патэнцыйна жыццяздольныя. Больш за тое, паколькі «беззаганнае зачацце» можа адбыцца і ў прысутнасці самца, яго лёгка прапусціць».
Пытанне аб тым, чаму розныя віды аддаюць перавагу партэнагенезу, застаецца адкрытым, аднак у апошні час у навуковай літаратуры прыводзіцца ўсё больш такіх выпадкаў, магчыма таму, што навукоўцы сталі звяртаць на гэта ўвагу. Паводле адной з тэорый, да партэнагенезу звяртаюцца тыя віды, колькасць якіх рэзка скарачаецца, і ім пачынае пагражаць выміранне.
У сувязі з гэтым аўтары даследавання мяркуюць, што іх адкрыццё можа праліць святло на магчымыя рэпрадуктыўныя асаблівасці далёкіх продкаў кракадзілаў — дыназаўраў.