Шакуцін прасіў ЕС зняць з яго санкцыі. Не пашанцавала

У Люксембургу 7 чэрвеня прайшоў разгляд яшчэ адной справы прадстаўніка Беларусі, які дамагаўся зняцця санкцый ЕС.

07.06.2023 / 11:30

Шакуцін на фота справа. Фота: president.gov.by

Пазоў паступіў у Еўрапейскі суд яшчэ ў сакавіку 2021 года. Блізкі да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсовец Аляксандр Шакуцін аспрэчваў абмежавальныя меры, уведзеныя супраць яго. Яго інтарэсы ў судзе прадстаўляў юрыст Б. Яўцімаў, піша «Радыё Свабода».

Суд пакінуў еўрапейскія санкцыі супраць Шакуціна ў сіле.

На думку суда, адказнік — Рада Еўрапейскага саюза — дала дастатковыя доказы, канкрэтныя, дакладныя і паслядоўныя, каб пацвердзіць законнасць санкцый супраць Шакуціна.

Паводле Еўрапейскай рады, спадар Шакуцін атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 года, якія былі прызнаныя Радай ЕС неадпаведнымі міжнародным стандартам і азмрочаныя рэпрэсіямі супраць незалежных кандыдатаў і жорсткім разгонам мірных пратэстоўцаў, Рада ЕС увяла новы цыкл абмежавальных захадаў у дачыненні да Беларусі, быў дапоўнены спіс асоб, якім забаронены ўезд або транзітны праезд праз тэрыторыю дзяржаў — сяброў саюза і чые сродкі і маёмасць былі замарожаныя.

Сярод асоб, чые прозвішчы дадалі да гэтага спіса, ёсць грамадзянін Беларусі Аляксандр Шакуцін.

Рада назвала яго, у прыватнасці, адным з аснаўных бізнэсменаў, якія працуюць у Беларусі, ён мае інтарэсы ў будаўніцтве, машынабудаванні і сельскай гаспадарцы, лічыцца атрымальнікам выгады ад прыватызацыі падчас знаходжання на пасадзе Аляксандра Лукашэнкі.

Шакуцін таксама быў сябрам прэзідыума пралукашэнкаўскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь».

24 мая гэты ж Еўрапейскі суд адхіліў пазовы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, лідара ЛДПБ Алега Гайдукевіча і намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргея Гусачэнкі, якія таксама аспрэчвалі ўведзеныя супраць іх санкцыі ЕС.

Чытайце таксама:

БРЦ: Аляксандр Шакуцін працягвае зарабляць мільёны даляраў у Еўропе, нягледзячы на накладзеныя санкцыі

У Літве замарозілі актывы, звязаныя з Аляксандрам Шакуціным

Гайдукевіч і Гусачэнка таксама паспрабавалі зняць з сябе санкцыі ЕС. Але першы нядаўна сам прасіў яшчэ болей санкцый

Nashaniva.com