Міністр аховы здароўя акупацыйнай адміністрацыі Херсоншчыны паспеў накрасці за паўгода на 26 мільёнаў расійскіх рублёў
Супраць былога в. а. міністра аховы здароўя акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці завялі крымінальную справу.
06.06.2023 / 15:33
Канфіскаваныя ў «міністра» грошы. Скрыншот відэа СК Расіі
Супраць былога в. а. міністра аховы здароўя акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці завялі крымінальную справу, яго абвінавачваюць у прысваенні звыш 26,5 мільёна расійскіх рублёў (каля 335 тысяч даляраў), як паведаміў Следчы камітэт Расіі.
Следчыя высветлілі, што з 1 верасня 2022 г. па 14 красавіка 2023 г. абвінавачаны, выкарыстоўваючы службовае становішча, выкраў грошы больш чым на 26,5 млн рублёў, якія належалі Міністэрству аховы здароўя акупаванай Херсонскай вобласці і былі прызначаныя для выплаты заробкаў супрацоўнікам Херсонскай гарадской клінічнай бальніцы. Мужчыну затрымалі, ён знаходзіцца пад вартай.
У канцы сакавіка в. а. кіраўніка рэгіёна, калабарант Уладзімір Сальда прызначыў кіраўніком «Міністэрства аховы здароўя» рэгіёна Артыша Сата, раней ён працаваў у Міністэрстве аховы здароўя Рэспублікі Тува. Да яго гэтую пасаду займаў Вадзім Ільміеў.