Хапун у Ваўкавыску: забіралі работнікаў мясцовага мясакамбіната
У пастарунку апынулася больш за 15 чалавек. Некаторых пасля праверкі тэлефонаў адпусцілі.
05.06.2023 / 21:57
Ваўкавыскі мясакамбінат. Ілюстрацыйнае фота: grodnonews.by
Паводле крыніц «Нашай Нівы», сілавікі 1 і 2 чэрвеня «адпрацоўвалі мясцовы мясакамбінат». Некаторых затрыманых пасля праверкі тэлефонаў адпусцілі.
«У тэлефонах шукалі падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і палітычныя фота— і відэаматэрыялы. Колькі пакінулі пасля праверкі людзей на «суткі», невядома», — расказаў жыхар Ваўкавыска.
«Людзей забіралі на прахадной прадпрыемства, а таксама на аўтобусным прыпынку», — паведаміў іншы чалавек.
На мясакамбінаце адмовіліся гаварыць пра знявольванне работнікаў.
«Мы не ўпаўнаважаныя адказваць на такія пытанні», — адрэагаваў супрацоўнік адміністрацыі.
Тым часам у адным з тэлеграм-каналаў сілавікоў з'явілася відэа са схопленым жыхаром райцэнтра — Васілём Паўлючэнем. Ці з'яўляецца ён супрацоўнікам мясакамбіната, невядома.
Яго знаёмыя расказалі, што ён год таму вярнуўся з-за мяжы. За час знаходжання на радзіме прэтэнзій да яго з боку міліцыі не было.
Васіль Паўлючэня. Скрын з міліцэйскага відэа
Апошні раз мужчына быў актыўным у сацыяльных сетках раніцай 2 чэрвеня. Імаверна, у гэты дзень яго і схапілі.
У міліцэйскім відэа Васіль Паўлючэня завучана кажа, што ён зняволены за распаўсюджванне ў інтэрнэце «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У віну яму выстаўлена і тое, што ў 2021 годзе ён нібыта «пачаў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога», але да канца яе не давёў.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года. Пасля выбараў людзі выйшлі на пратэсты супраць фальсіфікацыі іх вынікаў і гвалту сілавікоў. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне беларусы зазналі пераслед за антываенныя настроі. За 2,5 года тэрору ў краіне адбылося каля 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена каля 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя базавыя нормы законнасці і маралі.
Глядзіце таксама:
Стаў вядомы яшчэ адзін выпадак смерці затрыманага ў РУУС. Ён адбыўся два гады таму
Катаванне Уладзіміра Гундара працягваецца. Яго зноў змясцілі ў карцар